ЦВК не зрабіла пасведчанне блогеру Сяргею Ціханоўскаму
Праходзіць збор подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Выявілася, што Цэнтрвыбаркам выдаў пасведчанні не ўсім сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Telegram-канал «Краіна для жыцця» паведаміў, што пасведчанні не атрымалі кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, муж патэнцыйнай кандыдаткі, а таксама палова каардынатараў. «Абяцалі выправіць, але ў такія выпадковасці, Лідзія Міхайлаўна, нам верыцца з цяжкасцю», – звяртаюцца аўтары канала да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Сяргей Ціханоўскі збіраўся пачаць сваю выбарчую кампанію, але 6 траўня яго пасадзілі пад адміністрацыйны арышт. Таму ён не змог зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Замест яго заяўку на рэгістрацыю падала жонка Святлана. У склад групы ўвайшлі 252 чалавекі.
За кратамі Ціханоўскаму прысудзілі яшчэ 30 сутак арышту, але 20 траўня нечакана выпусцілі на волю.
Беларускае Радыё Рацыя