Арцыбіскуп Кандрусевіч заяўляе пра маральную недапушчальнасць ЭКА



Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч раскрытыкаваў указ Лукашэнкі, які прадугледжвае бясплатную спробу ЭКА. З гэтай нагоды ён звярнуўся да вернікаў.

                    Зварот да католікаў і ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі

арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Дарагія браты і сёстры, у гэты цяжкі час, калі мы перажываем пандэмію каранавірусу, існуе яшчэ адна пагроза для чалавечага жыцця. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 года «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», між іншым, прадугледжвае першую бясплатную спробу ЭКА (экстракарпаральнага апладнення).

Гэта азначае, што грахоўную працэдуру, якая супярэчыць Святому Пісанню і маральнаму вучэнню Касцёла, плануецца фінансаваць таксама за кошт падаткаў вернікаў.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўжо выказваўся ў лютым 2019 года на тэму экстракарпаральнага апладнення як амаральнай працэдуры, якая прыніжае годнасць чалавечай асобы і стварае пагрозу Божаму дару жыцця.

Мы не можам не выказаць пазіцыі Касцёла, калі пад пагрозай знаходзіцца натуральны, закладзены Богам парадак рэчаў, асабліва калі гэта датычыцца чалавечага жыцця. Касцёл ніколі не ставіўся да чалавека як да «біялагічнага матэрыялу», нягледзячы на тое, колькі часу прайшло пасля яго зачацця або нараджэння. Як каштоўнасць кожнага зачатага жыцця, так і святасць акту зачацця заўсёды знаходзіліся ў аснове хрысціянскага маральнага вучэння, бо гаворка ідзе пра павагу да святога дару саўдзелу чалавека — мужа і жонкі — у вялікай справе Бога Стварыцеля.

Разумеючы многія цяжкасці, боль і выпрабаванні, праз якія праходзіць сучасная сям’я, Касцёл, тым не менш, імкнецца нагадаць пра нязменныя праўды, аб’яўленыя ў вучэнні Езуса Хрыста і апостальскай Традыцыі.

Зачацце, якое адбываецца па-за сужэнскім актам, маніпуляцыі з эмбрыёнамі, іх крыакансервацыя і знаходжанне ў «замарожаным» стане, банкі жаночых і мужчынскіх палавых клетак, сурагатнае мацярынства — усё, што суправаджае і з’яўляецца часткай працэдуры штучнага апладнення, не можа пакінуць нас абыякавымі, паколькі з’яўляецца маральна недапушчальным.

Касцёл занепакоены таксама пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 124 «Аб пытаннях прымянення дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій», апублікаванай 13 мая 2020 года, у якой гаворка ідзе пра пашырэнне практыкі штучнага апладнення. Цяпер зацяжарыць з дапамогай ЭКА можа адзінокая здаровая жанчына, якая не мае палавога партнёра, што, несумненна, ставіць пад пагрозу існаванне інстытута сям’і, нівелюе каштоўнасць бацькоўства, пазбаўляе дзіця права на абодвух бацькоў і паўнавартасную сям’ю. Такая сітуацыя робіць жанчыну і дзіця больш уразлівымі ў эканамічным і сацыяльным плане, ставячы пад пагрозу паўнавартаснае развіццё ў будучыні.

У гэты час, калі каштоўнасць чалавечага жыцця і сям’я знаходзяцца пад пагрозай, Касцёл заклікае сваіх вернікаў і людзей добрай волі да актыўнай малітоўнай падтрымкі цывілізацыі жыцця.

За святым Янам Паўлам II, чый 100-гадовы юбілей мы адзначаем, я паўтараю заклік аб неабходнасці малітвы ў абарону жыцця: «Неадкладна неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет» (Энцыкліка Evangelium Vitæ, 100), і звяртаюся да святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў аб арганізацыі ў гэты час асаблівых малітоўных акцый з мэтай перапрашэння Бога за ўсе грахі супраць жыцця і сям’і, якія адбываюцца сёння ў Беларусі, і прадухілення планаў штучнай пракрэацыі, якія супярэчаць Божаму Закону і хрысціянскай маралі.

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Менск, 20 мая 2020 г.

catholic.by