COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Ці дапусцяць на польскі футбол заўзятараў? Латвія дае сабе рады ў змаганні з каронавірусам. Усе падрабязнасці — у аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

ПС: Ва Украіне ад сёння, 22-га траўня ўстанаўліваецца адаптыўны каранцін. Ён будзе дзейнічаць да 22 чэрвеня. Аднаўляюць сваю працу грамадскі транспарт і дзіцячыя садкі. Дазволена правядзенне спартовых мерапрыемстваў без гледачоў з удзелам не больш за 50 чалавек; спартовыя падзеі, у якіх прымуць удзел больш за 50 чалавек, магчымыя толькі са згоды Міністэрства аховы здароўя з улікам ацэнкі эпідэмічнай рызыкі. Можна ладзіць рэлігійныя падзеі з удзелам не больш за аднаго чалавека на 10 квадратных метраў плошчы забудовы. Знята забарона на працу гатэляў, акрамя эксплуатацыі рэстаранаў і спа-зонаў. Праца транспарту агаворваецца наступным чынам: метро запрацуе 25 траўня, а ў наземным транспарце колькасць пасажыраў павінна быць тоеснай колькасці сядзячых месцаў, піша Укрінфарм. І асобныя рэкамендацыі па дзіцячых садках. Згодна з праектам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, раніцай дзіця павінна быць сустрэта выхавальнікам групы на тэрыторыі дзіцячага садка па-за будынкам, а бацькі і дзеці, якія суправаджаюць іх, павінны быць у масках альбо ў рэспіратарах. Чаканне на тэрыторыі ўстановы варта абмежаваць.

Наступным крокам да зніжэння абмежаванняў у цяперашняй сітуацыі, калі статыстыка новых інфекцый будзе стабільнай, павінна дазволіць праводзіць мерапрыемствы ўжывую з удзелам да 200 чалавек на свежым паветры, заявіла міністр аховы здароўя Латвіі Ілзэ Шэле пасля пасяджэння кабінета міністраў краіны. Яна адзначыла, што ўрад ацэньвае паслабленне абмежаванняў на працягу чатырохтыднёвага цыкла, тым самым ацэньваючы ўплыў загадзя вызначанага паслаблення на павелічэнне колькасці інфекцый COVID-19 і колькасць шпіталізацый. У той жа час Ілзэ Шэле падкрэсліла, што Латвіі, як адной з лідараў сярод краін Еўразвязу ў барацьбе з COVID-19, „няма чаго прасіць парадаў у каго-кольвек”, таму Латвія сама павінна ацаніць, наколькі бяспечна зняць абмежаванні. Партал „Delfi” піша, што 21 траўня ўрад краіны прыняў рашэнне аб зняцці абмежаванняў, накладзеных падчас абвяшчэння надзвычайнага стану, а з 1 чэрвеня дазволіць працаваць дзіцячым лагерам, касметычным салонам, прафесійным спартоўцам пры ўмове сацыяльнай дыстанцыі ў два метры, апрача баявых мастацтваў.

У Польшчы задумаліся не толькі пра аднаўленне спартовых чэмпіянатаў, але і пра гледачоў. Легендарны футбаліст, а цяпер старшыня Польскага звязу футболу Збігнеў Бонэк лічыць, што мала аднавіць вядучы футбольны дывізіён 29 траўня. Услед за гэтым, ужо зацверджаным рашэннем, Бонэк хоча, каб на стадыёнах прысутнічалі людзі. Тыдзень таму чэмпіянат аднавілі ў суседняй Нямеччыне, але там гледачы на трыбуны не дапускаюцца. Старшыня ПЗПН перакананы, што ў Польшчы матчы маглі б наведваць гледачы, з абмежаваннем у 999 чалавек. Бонэк даслаў ураду на разгляд праект, згодна з якім на матчы Экстракласы і 1 лігі дапускаліся б 999 чалавек за выключэннем малых стадыёнаў, дзе гэтая колькасць заўзятараў перавысіла б 20% трыбун, піша Interia. У апошнім выпадку колькасць гледачоў змяншалася б прапарцыйна. У такім выпадку, на думку Бонэка, цалкам забяспечваецца належная дыстанцыя. Больш за тое — ніводзін стадыён Польшчы, апрача Нацыянальнага ў Варшаве, не мае вялікага даху, таму ўсё лічыцца адкрытым паветрам. Пры гэтым план Бонэка ўключае і іншыя абмежаванні — забарона ежы на стадыёне і ўваход на арэну толькі пасля дэзынфекцыі рук. Калі ўрад згодзіцца на план федэрацыі футболу, тады першаснае права наведваць матчы будзе за ўладальнікамі абанементаў. Пакуль чакаецца адказ на прапанову з боку міністра аховы здароўя Лукаша Шумоўскага і прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Пакуль дазволу яшчэ няма, клубы арыгінальна вырашаюць, што рабіць з трыбунамі. ЛКС Лодзь па прыкладзе нямецкай „Барусіі” з Мёнхенгладбаха і беларускага „Дынама” з Берасця размесціць на трыбунах вялікія партрэты заўзятараў.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя