Затрыманы яшчэ адзін удзельнік “кармлення галубоў” у Віцебску



Аляксея Прохарава выклікалі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна, каб узяць тлумачэнні па падзеях 3-га траўня.

У той дзень жыхары Віцебска прайшлі ад плошчы Перамогі да гандлёвага цэнтру “Марка-сіці”, дзе кармілі галубоў і размаўлялі пра сучасныя праблемы. На Аляксея Прохарава склалі пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. І з-пад варты ўжо не выпусцілі, распавёў праваабаронца Леанід Свецік:

– Да мяне датэлефанаваўся Аляксей Прохараў, на яго склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КоАП, частка 3. Зараз ён у ізалятары часовага ўтрымання, і ён казаў, што да гэтага рыхтаваўся – узяў з сабой неабходныя рэчы і ежу. Суд над ім будзе ў панядзелак.

Паводле праваабаронцы, практыка затрымання да суду прымяняецца да асобаў, якія ўжо мелі адміністрацыйныя спагнанні, і таму яны могуць быць небяспечнымі для грамадства. Сёлета Аляксея Прохарава ўжо некалькі разоў штрафавалі  – за ўдзел у акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Аднак  хлопец  да гэтага часу знаходзіўся на волі, і яму маглі б проста выпісаць позву ў суд.  Цяпер жа двое сутак ён мусіць правесці за кратамі. Суд над ім можа прайсці ў віртуальным рэжыме, праз скайп – так ужо судзілі віцебскіх актывістаў, якіх потым каралі суткамі: міліцыя відавочна эканоміць на паліве, каб не вазіць людзей у суд і назад у ізалятар.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск