Выбаршчыкі абскарджваюць неўключэнне Тамары Шчапёткінай ў склад камісіі
Выбаршчыкі, якія вылучылі ў склад Бярозаўскай выбарчай раённай камісіі Тамару Шчапёткіну, звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёна са скаргай на неўключэнне яе ў склад камісіі.
Кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– Пры фармальным абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў, на паседжанні было сказана, што хоць спадарыня Тамара Шчапёткіна і мае досвед назірання, але досведу ўдзелу ў выбарчых камісіях не мае. І таму было прапанавана не ўключаць яе ў склад раённай выбарчай камісіі. У заяве выбаршчыкаў адзначана, што калі чалавеку хоць раз не даць магчымасці стаць сябрам выбарчай камісіі, ніякага вопыту ён мець не будзе.
Паводле падпісантаў заявы, ва ўсіх дасведчаных зараз сябраў камісіі быў некалі першы раз. Але, як сказаў Сяржук Русецкі, Тамару Шчапёткіну чарговы раз перасцерагліся ўключаць у выбарчую камісію з-за яе прынцыповай пазіцыі да нават драбнейшых парушэнняў, якія яна абнародуе.
* * *
Тэкст скаргі:
СКАРГА
Мы, група выбаршчыкаў, шляхам падачы заявы ў прэзідыум Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і ў Бярозаўскі райвыканкам у адпаведнасці з арт.35 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусі вылучылі Шчапёткіну Тамару Васільеўну, сябра партыі БНФ, 23.08.1952 года нараджэння, пенсіянерку, якая пражывае ў горадзе Бярозе па вул. Леніна д.11А, кв.31; у склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 2020 г.. У сваёй заяве мы адзначылі, што спадарыня Тамара Шчапёткіна не мае вопыту працы ў складзе выбарчых камісіяў, але мае шматгадовы вопыт назіраньня ў камісіях рознага ўзроўня і ў міжнародных місіях назірання, добра ведае Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусі.
Рашэннем сумеснага пасяджэння прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскага райвыканкаму ад 19.05.2020 г. №101/798 Шчапёткіна Т.В. не была ўключаная ў склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі.
Лічым рашэнне сумеснага пасяджэння прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскага райвыканкаму ад 19.05.2020 г. №101/798 па стварэнню Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі неправамерным, па наступных падставах.
Спн. Т. Шчапёткіна была вылучаная ў склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ад грамадзянаў шляхам падачы заявы. Заява своечасова 16.05.2020 г. была зарэгістраваная ў Бярозаўскім райвыканкаме.
Спн. Т. Шчапёткіна з’яўляецца сябрам партыі БНФ.
У адпаведнасці з арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусі “ворганы, якія ствараюць камісію, як правіла, не меней адной трэцяй яе складу фармуюць з прадстаўнікоў палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. Аднак у склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі не была ўключаная вылучаная ў яе склад шляхам падачы заявы сябра палітычнай партыі — партыі БНФ.
Затое былі ўключаныя прадстаўнікі ад Бярозаўскіх раённых арганізацыяў грамадзкіх аб’яднанняў «Беларускі саюз жанчынаў», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Белая Русь», Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, і нават “Беларускага фонда міра”.
У адпаведнасці з п.9 Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 08.05.2020 г. № 13 «Пра растлумачэнне прымяненьня палажэнняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусі пра парадак утварэння камісій па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 2020 г..»: “Перад прыняццем рашэння пра утварэнне выбарчай камісіі на пасяджэнні ворганаў (воргана), якія ўтвараюць камісію, на абмеркаванне выносіцца пытанне пра дзелавыя і асабістыя якасці асобаў, вылучаных у склад камісіі, а калі лік прэтэндэнтаў у склад камісіі перавышае прадугледжаную колькасць членаў камісіі, заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне”.
Лічым, што хоць на сумесным паседжанні і праводзілася персанальнае галасаванне, але словы аднаго з выступоўцаў на сумесным паседжанні пра тое, што спадарыня Тамара Шчапёткіна не мае вопыту працы ў складзе выбарчых камісіяў, а толькі вопыт назіраньня, ніяк нельга лічыць абмеркаваннем дзелавых і асабістых якасцях асобаў, вылучаных у склад камісіі.
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусі не патрабуе ад прэтэндэнта ў склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі мець вопыт працы ў складзе выбарчых камісіяў. Калі прэтэндэнта першы раз не ўключыць у склад выбарчай камісіі, то ён ці яна і не будуць мець гэтага вопыту.
Пры такіх абставінах неўключэнне прадстаўніка Партыі БНФ у склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі прывядзе да адсутнасці грамадзкага контролю за выбарамі і чарговы раз да непрызнаня выбараў свабоднымі і дэмакратычнымі міжнароднымі назіральнікамі.
На падставе выкладзенага і кіруючыся арт., арт, 34 Выбарчага кодэксу, 335, 336, 353 – 358 ГПК РБ
ПРОСІМ:
- Прызнаць неуключэнне сумесным пасяджэннем прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскага райвыканкаму ад 19.05.2020 г. №101/798 у склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі сябра Партыі БНФ Шчапёткінай Тамары Васільеўны неправамерным.
- Абавязаць прэзідыум Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскі райвыканкам прыняць новае рашэнне па стварэнню Бярозаўскай раённай камісіі па выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі з уключэннем у яе склад сябра партыі БНФ Шчапёткінай Тамары Васільеўны.
ДАДАТАК: копія заявы.
21.05.2020 г. Шчапёткіна Т.В.
Шчапёткін К.К.
Русецкі С.І.
Новік Г.І.
Аліхвер Т.М.
Дзенісюк Я.Я.
Беленко А.М.
Беленко Л.А.
Шавель Г.Р.
Тарасевіч Т.М.
Азаранка В.В.
Беларускае Радыё Рацыя