Кіно без гледачоў. Момант ісціны.
Пра ровень цікавасці грамадства да выбараў паказаў ужо першы этап, каторы многія з тых, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе называюць адным з галоўных. Гэта фармаванне камісій.
І вось ён момант ісціны! Нават два моманты!!! Два!!!!!
Першы момант паказаў “цікавасць” усяго грамадства да гэтага працэсу. Гэтым годам, у сувязі з пандэміяй, якую нарэшце дэфакто прызналі беларускія ўлады абмежаваўшы ад непажаданых гасцей пасяджэнні па фармаванні ТВК, камісіі фармаваліся без прысутнасці прадстаўнікоў партый і назіральнікаў. Пасяджэнні па фармаванні камісій было вырашана паказваць у прамым эфіры. Прынамсі фармаванне Ленінскай і Кастрычніцкай раённых камісій Гародні, якія тэарэтычна можна было глянуць па спасылцы з сайта Гарадзенскага гарвыканкаму, прама з каляровага банера “Выбары 2020”, спрабавалі трансляваць менавіта так.
І як пачалася трансляцыя, то можна было бачыць, колькі людзей назіраюць за яе ходам.
Лічыльнік працаваў.
Дык вось гэтым захапляльным фільмам цікавіліся ў сярэднім 14 чалавек!!! Лічыльнік то дадаваў парачку лічбаў, то адбаўляў, але ў сярэднім 14!!! чалавек нашага слаўнага абласнога цэнтру зазірнулі, што называецца, за кулісы выбарчай кухні.
Вось ён паказальнік народнай цікавасці да выбараў.
Мне здаецца, што больш нічога не трэба гаварыць пра нашы выбары.
І хоць гэтае кіно абарвалася, па тэхнічных прычынах, першы блін як кажуць комам, гэтага практычна ніхто не заўважыў. Гледачоў было малавата. Хоць кіно бясплатнае.
Зразумела, што ў склад тых, хто глядзеў, уваходзілі тэхнічныя работнікі якія рабілі тое слаўнае кіно, ідэалагічныя работнікі, якія мусілі яго глядзець бо работа такая, такая ж работа і ў кантралюючых ворганаў, ну і чатыры назіральнікі. Гэта значыць я і такія як я. Ну і журналіст. Аднаго то дакладна ведаю, што глядзеў, таму пішу ў адзіночным ліку.
А дзе народ?!
Ну з народам то размова асобная. Яму, народу, ніхто ўказваць не мае права, што яму глядзець.
Ён, народ, як хоча, так і робіць, і заўсёды праў.
Размова зараз пра тых, хто на выбары пайшоў. 55 ініцыятыўных груп падалі на рэгістрацыю. Далёка не ўсе яны зарэгістраваныя, але ж тэарэтычна гэта вельмі палітычна заангажаваныя людзі. І ў многіх ініцыятыўных групах іх колькасць актывістаў перавышае тысячу, а то і некалькі тысяч.
І яны не паглядзелі як фармуюцца камісіі?!
І ім не цікава?!
То што ім цікава?!
Я ўжо не кажу, што ад гэтых 55 камандаў на ўваход у камісіі нават па адным прэтэндэнце не было пададзена. Вось з тых тысячаў палітычна актыўных грамадзян, якія пайшлі ў каманды прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, нават па адным прадстаўніку не было пададзена ў камісіі!
Вось гэта і ёсць другі момант, які, напэўна, і фармуе момант першы.
Зрэшты, можа і наадварот.
Але цяпер пра беларускія выбары дакладна ўсё сказана.
Цяпер гэта дакладна ўсё, што трэба ведаць пра беларускія выбары.
Адзіная з таго ўсяго карысць, што цяпер можна дакладна канстатаваць той факт, што грамадства не звязвае змены ў сваім лёсе з выбарамі, і ўвогуле нічога не звязвае з выбарамі.
І як мы бачым, не толькі грамадства.
Старая беларуская прымаўка гаворыць, што пачатак – гэта палова справы. Ну што ж, пачатак выбараў у Гародні паглядзелі 14 чалавек.
Віктар Сазонаў