„Шагал. Вяртанне ў Віцебск”
109 год таму віцебскі мастак Марк Шагал пакінуў родны горад і накіраваўся на вучобу ў Парыж.
Там ён пазнаёміўся з мастакамі і паэтамі-авангардыстамі, і пачаўся яго плённы французскі творчы перыяд.
Мастацкі кіраўнік віцебскага лялечнага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук, які паставіў у тэатры спектакль „Шагал. Вяртанне ў Віцебск”, сваёй працай імкнуўся паказаць сярод іншага і прычыны ад’езду мастака.
– Мне хацелася паставіць менавіта пра Шагала, як ён сам думаў, як ён адносіўся да Віцебска. Чаму ён паехаў? Ён быў чалавек творчы, ён ужо не мог тут тварыць, ён паехаў адсюль. Ён сказаў не вельмі добрыя словы, што з мастацтвам у Віцебску скончана.
Ад’езд у Парыж Марка Шагала стаў магчымы дзякуючы атрыманню стыпендыі Максіма Вінавера, вядомага расейскага юрыста, які ў Расейскай імперыі абараняў правы габрэяў. Менавіта яго дапамога паспрыяла нараджэнню таго Марка Шагала, якога ведае ўвесь мастацкі свет.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя