Ён не ўмеў фальшывіць. На ўспамін пра Змітра Кісяля



Пяцьдзесяць сем гадоў дата не круглая. Але гэта, хіба, актуальна толькі для жывых. А для тых, каго з намі ўжо няма, кожны ўспамін ёсць датай вартай увагі. Бо ўспаміны пра тых, хто адышоў у іншы свет, прыходзяць не проста так. А хіба што для нечага, у чым мусіш разабрацца сам.

Дваццаць чацьвёртага траўня гэтага году споўнілася б пяцьдзесят сем гадоў Зміцеру Кісялю. А ў верасні будзе ажно пятнаццаць год, як яго няма з намі тут. Час ляціць, і ў такія дні, калі ўспамінаеш свайго сябра, пачынаеш аналізаваць – а што мы зрабілі за гэтыя пятнаццаць год?! Ці так бы мы зрабілі гэта, ці столькі б зрабілі, ці не рабілі б чагосьці што нарабілі, каб гэты чалавек заставаўся ўсе гэтыя гады з намі тут?!

Зараз, аналізуючы той жыццёвы шлях які прайшлі разам, тыя справы якія зрабілі разам, тыя рэчы, куды не ўблыталіся дзякуючы таму, што былі разам і слухалі меркаванні адзін другога, увесь час хочацца зразумець, якая роля была Зміцера Кісяля ў тым, што адбылося ў Гародні, краіне, і ў асабістым лёсе яго сяброў. І стараешся ўжо з пазіцыі сённяшняга дня зразумець, якая галоўная якасць была ў характары сябра, якая паўплывала і на Гародню, і на Беларусь, і на яго сяброў?!

Апанас Цыхун і Зміцер Кісель, 2000-ы год, у дзень юбілею Цыхуна

Памятаю як перакрочыў парог памяшкання, дзе збіраўся гарадзенскі адраджэнскі клуб “Паходня”. І як вяртаўся адтуль з новым знаёмым, Зміцерам Кісялём. Яшчэ не ведаў тады, што шмат дарог пройдзем разам. Зміцер, сціплы і інтэлігентны ў адносінах з людзьмі, знешне выглядаў на мяккага і дамаўляльнага чалавека. Ён быў джэнтэльменам у абыходжанні з дамамі, нёс усё жыццё ў сэрцы каханне да адной жанчыны, заўсёды выслухоўваў меркаванні іншых і асабліва сяброў. Але, калі даходзіла да справы, то ён ніколі не здраджваў сваім перакананням, і ніколі не адыходзіў ад іх. У яго была цвёрдая шкала каштоўнасцяў, у якія ён верыў, і гэты, на першы погляд мяккі чалавек, быў абсалютна бескампрамісным, калі справа даходзіла да перакананняў, ідэй, каштоўнасцяў.

На сустрэчы ў Беластоку

Памятаю толькі адзін выпадак, калі Зміцер пайшоў на дробны кампраміс з сабой. Ён працаваў на кампанію Станіслава Шушкевіча на выбарах, хоць больш яму да сэрца быў Зянон Пазняк. Зміцер лічыў, што ў Шушкевіча больш шанцаў чым у Пазняка выйграць. А Пазняк і Шушкевіч для яго былі абодва вялікімі беларускімі постацямі, на якіх варта ставіць усёй нацыі. І таму, дзеля выйгрыша ў беларускай справе, без якой Зміцер на мог існаваць, толькі дзеля гэтай вялікай ідэі, ён і пайшоў на гэты дробны, амаль нязначны кампраміс. Але як надышоў дзень галасавання, усядно не вытрымаў, ды пайшоў і прагаласаваў за Пазняка. Не мог ён доўга кампраміснічаць нават з сабой, нават адзін раз, нават выбіраючы амаль з раўназначных для яго варыянтаў. Нават у такой сітуацыі, дзе нібыта то і розніцы вялікай не бачна, не змог сфальшывіць.

Не ўмеў Зміцер Кісель фальшывіць.

Ні Пазняк ні Шушкевіч не выйгралі, што чарговы раз звідавочыла марнасць усіх кампрамісаў і ўсіх хітрыкаў. Будзе як будзе. Многае ў гэтым свеце вырашана ўжо за нас, і да нас. А мы вырашаем толькі хто мы. І гэта хіба ёсць важным. А ў Зміцера Кісяля, пры знешняй мяккасці, яго ўнутраная цвёрдасць пры вырашэнні ідэйна важных пытанняў выклікала захапленне і прымушала больш трымацца сваіх перакананняў усіх, хто быў побач.

Зміцер Кісель, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Павал Мажэйка, Эдвард Дмухоўскі на кангрэсе ў Менску

Ён умеў дамаўляцца, умеў выслухоўваць, мог аналізаваць і нават змяняцца пад напорам праўдзівых і неабвержных фактаў, хоць вельмі неахвотна, але мог. Ён умеў пераацаніць свае погляды і зірнуць пад іншым вуглом, умеў нават прызнаваць сваю неправату і свае памылкі. Зноў жа, вельмі неахвотна, але мог. Але, калі ўжо быў у нечым перакананы, то нават на дробны фальш яго не маглі прымусіць пайсці нішто і ніхто. Ні карысць, ні перспектывы, ні страх за тое, што яго незразумеюць ці асудзяць. Яго перакананні былі яго перакананнямі.

Ён не ўмеў фальшывіць.

Гляджу зараз на здымак, дзе я вельмі малады, з такімі ж маладымі сябрамі Яўгенам Вапам, Марцінам Рэмбачам, Уладзімірам Хільмановічам весела пазіруем перад аб’ектывам фотаапарата разам з Зміцерам Кісялём.

З сябрамі, 1 красавіка 1999 года

На наступным здымку маладых людзей яшчэ больш. Усіх не пералічыш. І на ўсіх іх знаёмства і сяброўства з Зміцерам Кісялём пакінула свой адбітак. І ў першую чаргу менавіта таму, што Зміцер не ўмеў фальшывіць.

У Мінявічах ля помніка паўстанцам 1863 года

Ён мог памыляцца, мог рабіць не тое на думку іншых, мог здавацца занадта ўпёртым у нечым і не заўважаць сваіх памылак. Мог шмат чаго нарабіць не таго. Ён не быў святым. Але фальшывіць ён не ўмеў.

Напэўна, гэта яго галоўная рыса.

Яна выклікала павагу і захапленне. І напэўна ўсе, хто з ім прайшоў хоць які кавалак зямнога жыцця, крыху перанялі ад яго гэтай здольнасці.

Напэўна таму яго помняць тут.

Віктар Сазонаў