Барысаўскі БАТЭ выйграў Кубак Беларусі



24 траўня ў Менску на стадыёне „Дынама” прайшоў фінал футбольнага Кубку Беларусі. Чацвёрты раз у суверэннай гісторыі пачэсны трафей заваяваў барысаўскі БАТЭ. Прычым першы раз гэта зрабіў пад кіраўніцтвам трэнера Кірыла Альшэўскага.

Фінальны матч БАТЭ і берасцейскага „Дынама” скончыўся досыць драматычна. Ужо ў даданы час дадатковага часу (!), калі ішла 121-я хвіліна сустрэчы барысаўцы ў фінальным штурме дамагліся свайго – гол на свой рахунак запісаў абаронца Захар Волкаў. Гэта быў адзіны мяч у фінальным паядынку.

Цягам гульні не назіралася мноства вострых момантаў і ўсё ж БАТЭ атакаваў больш. У дадатковы час берасцейцы мелі права на штрафны і Павел Савіцкі эфектна выканаў яго, але мяч трапіў у папярэчыну. Пазней берасцейцы страцілі з-за траўмы свайго лідара Арцёма Мілеўскага, а ў канцы сустрэчы сілы сталі зусім пакідаць дынамаўцаў. Справа ішла да пасляматчавых пенальці, але ўрэшце фартуна ўзяла бок БАТЭ.

Пасля гэтай вікторыі футбалісты БАТЭ апранулі кашулькі з беларускамоўным напісам „Уладальнік Кубка 2019/2020”.

Цікава, што ў гэты сама дзень – роўна пяць гадоў таму ў 2015 годзе барысаўскі БАТЭ выйграў Кубак Беларусі, адолеўшы салігорскі „Шахцёр”.

Беларускае Радыё Рацыя