Уладзімір Хільмановіч: Непрадказальныя выбары
Гарадзенскі праваабаронца, грамадскі дзеяч Уладзімір Хільмановіч лічыць, што цяжка прагназаваць хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі:
– Вельмі цяжка сказаць, хто якую мэту ставіць. Па-сутнасці, удзел у зборы подпісаў можна дапусціць, хоць, зразумела, што ніхто, уключаючы сённяшняга кіраўніка дзяржавы, не мае ніякіх шанцаў сабраць гэтых сто тысяч. Але яму і не трэба іх збіраць. Што тычыцца іншых, то я думаю, што можа хтосьці працуе на будучыню. Пытанне – хто збіраецца ісці “да канца”. Што такое “ісці да канца” ў нашых варунках? Гэта ісці, як мінімум, на рызыку жыцця, здароўя, ісці ў турму, магчыма, на катаванні, як гэта было ў 2010 годзе.
На думку Уладзіміра Хільмановіча, кандыдаты, што пойдуць “да канца”, павінны быць гатовымі ісці на смерць:
– Максімум – гэта быць гатовымі ісці на смерць. Ці гатовы кандыдаты ісці, гэта пытанне да іх. Але гэту сапраўдную рызыку для жыцця, не толькі для здароўя, яны павінны ўсведамляць. Можа нехта на стадыі збора подпісаў хоча папрацаваць, можа хтосьці хоча ісці нібыта “да канца”, даючы невядома якія подпісы. Паглядзім. Зараз ацэньваць катэгарычна, я думаю, не варта. Выклікае насцярожанасць, канешне, і сам працэс рэгістрацыі, як адсеялі “кандыдатаў пратэсту”. Паглядзім, хто з кандыдатаў будзе здаваць подпісы, хто з іх здольны на нейкія сур’ёзныя радыкальныя дзеянні.
У Гародні пасля некалькіх дзён ад пачатку выбарчай кампаніі праявілі сябе толькі два кандыдаты: адбыўся пікет па зборы подпісаў кандыдата ад БСДГ Сяргея Чэрачня, і збор ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня