Справа ў прыярытэтах?



Што мы можам або не можам сабе дазволіць? Чарговы крызіс паказаў: беларусы не маюць фінансавай падушкі. І не могуць дазволіць сабе каранцін.  

Яшчэ раней стала зразумела, што не могуць дазволіць сабе яны і некаторыя іншыя рэчы. Імпартную хіміётэрапію для онкахворых (не заўжды яе можна замяніць на айчынны прэпарат!) Імпартныя лекі для хворых на СМА дзяцей і дарослых (іх увогуле – айчынных! – не існуе). Насамрэч не можам або не хочам дазволіць? Думаецца, маем пэўны прамежкавы варыянт: мы проста доўгі час нерацыянальна марнавалі грошы і сілы, таму ў крытычнай сітуацыі селі ў лужыну (не першы раз!) Мы не гатовыя яе пераадолець. Скочыць праз тую самую халодную і брудную лужыну…

Грошай стала менш. Небяспекі ў масавых сходах – больш, таму жыццё пачынае адмяняць многія масавыя мерапрыемствы прыватнага характару і некаторыя – грамадскага. Пра штосьці зусім не будзеш шкадаваць, а пра штосьці – прыдзецца. Сёлета не будзе Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладэчне. Знакавае для горада мерапрыемства, заснаванае колішнім мэрам і вядомым палітыкам Генадзем Карпенкам. Свята, дзе гучала шмат беларускай мовы, хай сабе і ў афіцыйным стылі.

Што парадавала? Дзесьці там, зверху, зразумелі: флагшток у Гомелі за паўтара мільёна беларускіх рубдёў – гэта ўжо перабор! Пэўна, прыпякло чыноўнікаў, бо яшчэ нядаўна абурэнне простых грамадзянаў ды інтэрнэт-петыцыя вагі не мелі… Амаль пяць тысяч подпісаў, грамадскае абурэнне, а адказ быў адзін – праект атрымаў узгадненне ў Міністэрстве культуры і ва ўсіх зацікаўленых арганізацыях і ведамствах. Грамадскаму абмеркаванню не падлягае. Усё.     

Ці скочыць праз брудную лужыну, ці збіць масла ў збане са смятанай – два варыянты для беднага беларусіка, што змерз халоднай вясной 2020-га… Моцна змерз! А ён, бедны, не можа вызначыцца – вагаецца, праводзіць перамовы… Адно разумее – грошай няма! І такі прыдзецца некуды скочыць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ