Лукашэнка анансаваў змену складу ўрада да выбараў



Аляксандр Лукашэнка 25 траўня на нарадзе па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях анансаваў змену складу ўрада да прэзідэнцкіх выбараў. Адпаведны фрагмент відэазапісу з гэтай сустрэчы апублікаваны ў тэлеграм-канале „Пул Першага”.

Удзел у нарадзе бяруць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

„Мы заўсёды пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты дзейнага прэзідэнта аб’яўлялі новы склад урада, — заявіў Лукашэнка. — Да выбараў — гэта было прынцыповае пытанне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць. А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а ты там сваякоў, любімых, родных і іншых напхаў у гэты ўрад, а гэта галоўны наш выканаўчы орган, асноўны і адзіны”.

„Таму нам трэба падрыхтаваць новы склад урада, вырашыць пытанне па форме — як будзе фармавацца новы ўрад да выбараў”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by