Сяргей Штода: Збіраем подпісы на трасах і аўтазапраўках



Сяргей Штода, кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Наталлі Кісель, распавёў пра тое, як праходзіць збор подпісаў.

Нагадаем, што Наталля Кісель, якая вылучыла сваю кандыдатуру на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, – намесніца дырэктара адной сталічнай прыватнай кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Сябра Асацыяцыі грузаперавозчыкаў “Рэгіён 8”.

Менавіта гэтая арганізацыя прапанавала Наталлі Кісель балатавацца ў прэзідэнты. Раней яна адстойвала інтарэсы дробных грузаперавозчыкаў, вяла перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту.

Кіраўнік яе перадвыбарчага штаба Сяргей Штода з’яўляецца старшынём Асацыяцыі грузаперавозчыкаў “Рэгіён 8”.

Сяргей Штода: Некаторыя апазіцыйныя палітыкі, якія не прымаюць актыўны ўдзел у выбарах, ужо крытыкуюць нас за тое, што мы, маўляў, маем грошы, але не маем палітычнага досведа ўдзелу ў такіх кампаніях.

За такіх людзей можна толькі парадавацца! Добра, што апошнія 26 гадоў у іх усё атрымлівалася падчас прэзідэнцкіх выбараў.

І калі кажуць, што 100 тысяч подпісаў немагчыма сабраць, то гэта, мякка кажучы, няпраўда. У нашай ініцыятыўнай групе 146 чалавек. Гэта значыць, што кожнаму трэба сабраць каля тысячы подпісаў, прыкладна па 30 подпісаў у дзень. Рэальна? Абсалютна. Мы ўжо сабралі каля 28 тысяч подпісаў. У нас ёсць групы ў сацыяльных сетках, таму пастаянна абменьваемся дадзенымі.

РР: Дзе ў асноўным ідзе збор подпісаў?

Сяргей Штода: Прайшліся па офісах, збіраем подпісы сярод знаёмых. Мне дасылаюць фота кожнага падпіснога бланка, таму ўсё знаходзіцца пад кантролем, памылкі разбіраем і выпраўляем. З улікам поўнай праверкі плануем перадаць у Цэнтрвыбаркам 110-115 тысяч подпісаў.

Што датычыцца нашых пікетаў, то іх няма ў традыцыйных месцах – на Камароўцы ці ля ГУМа. Зборшчкі подпісаў стаяць на трасах, ля аўтазаправак і ў месцах, дзе спыняюцца фуры.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН