Зноўку штрафы прыхільнікам Ціханоўскага. У Віцебску і Наваполацку
У Віцебскім судзе Чыгуначнага раёну сёння судзілі Дар’ю Юрчанку. За сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім яе аштрафавалі на 25 базавых велічынь, гэта 675 рублёў. Для дзяўчыны гэта ўжо другі штраф: на мінулым тыдні яе аштрафавалі на 20 базавых велічынь (540 рублёў) за так званае „кармленне галубоў”.
Абодва пакаранні яна лічыць несправядлівымі:
– Канешне, я не згодная! Гэта вялікая сума для нашых рэалій. Адразу не заплоціш. Я не ведаю, дзе грошы на ежу браць, хаця кожны дзень працую. І ёсць жа Канстытуцыя, што могуць збірацца людзі, выказваць усё, што яны думаюць. Гэта свабода слова.
У Наваполацку аштрафавалі Артура Сінегу. Але пакаранні наваполацкі суд традыцыйна дае мякчэйшыя. Паводле дзвюх адміністрацыйных справаў – за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага, які прыязджаў у Наваполацк 29-га красавіка, і за так званае „кармленне галубоў” 3-га траўня – Артура Сінегу аштрафавалі на 8 базавых велічынь.
Здымкі са стрыму міліцыянты знайшлі на канале Сяргея Ціханоўскага, а „кармленне галубоў” – на відэа, размешчаным у інтэрнэце, гаворыць хлопец:
– У тлумачэнні супрацоўніка міліцыі было напісана: “падчас маніторынгу тэлеграм-канала было ўстаноўлена, знойдзена відэа”. Гэта значыць, людзі канкрэтна такімі справамі займаюцца. Вы б бачылі, колькі там складзена папер, і два дыскі запісалі… Людзі займаюцца такой лухтой, каб немаведама за што чалавека судзіць!
На такую ж суму 216 рублёў 22-га траўня аштрафавалі і Алену Радзькову, яшчэ адну ўдзельніцу наваполацкага стрыму Сяргея Ціханоўскага.
Яшчэ чатырох чалавек будуць судзіць у Наваполацку 1-га чэрвеня. У Віцебску новыя суды над прыхільнікамі блогера пройдуць 29-га траўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск