У Беларусі ад каронавіруса COVID-19 памерла ўжо больш за 200 чалавек



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 37.144, памерла 204 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 946, або на 2,6% (у папярэднія суткі было 954 новыя выпадкі і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 14.449 пацыентаў (+294 за суткі). Усяго праведзена 463.004 тэсты на каронавірус, у тым ліку за апошнія суткі — 12.377.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „у асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіла ўжо чатыры тыдні.

Сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях расказаў аб сітуацыі з захворваннем на каронавірус у рэгіёнах. „Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захворванні. Сведчаннем таго з’яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каронавіруса”, — заявіў афіцыйны лідар.

Паводле яго сцвярджэння, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Менску. „На плато ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў. Я, праўда, не такі аптымістычны з прычыны сваёй прымхлівасці”, — падкрэсліў Лукашэнка. Тым не менш, грунтуючыся на развіцці сітуацыі, ужо і ў Менску плануюць у найбліжэйшы час вяртаць да звычайнай працы шэраг лячэбных устаноў, у тым ліку анкалагічнага і гінекалагічнага профілю, бальніцу хуткай меддапамогі. „У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Менску (для лячэння хворых з каранавірусам. )”, — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў „стабілізацыю захворвання і нават пэўнае зніжэнне” у Менскай вобласці. Паводле яго слоў, „нядрэнная сітуацыя” і ў Магілёўскай вобласці. „Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Берасцейская і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць пра тое, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень дзесьці”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён штодня раніцай і ўвечары цікавіцца „адпаведнымі пытаннямі і праблемамі”. „Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Мабыць, вірус усё-такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая, — сказаў Лукашэнка. — Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур’ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А можа быць, гэтая бяда нас абміне. Тым не менш расслабляцца нельга”.

belapan.by