За „кармленне галубоў” у Віцебску – 10 сутак арышту



У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска да 10 сутак арышту асуджаны Аляксей Прохараў. Працэс адбываўся праз Skype, бо з 22-га траўня актывіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Ён атрымаў позву прыйсці ў міліцыю для складання пратакола і адразу трапіў за краты.  Пра час суда  знарок не паведамлялася, і ягоны прыяцель Павел Шаўчэнка паўдня дзяжурыў каля канцылярыі, каб не прапусціць той момант, калі прывязуць дакументы. Ён першым даведаўся судовае рашэнне:

– Далі яму 10 сутак арышту з моманту затрымання, гэта было 22-га ў пятніцу. Атрымліваецца, трое сутак ён ужо адсядзеў, 7 засталося. Артыкул 23.34 КоАП, але ў яго частка 3, у адрозненне ад іншых хлопцаў, бо па гэтай частцы артыкула яго судзілі 30 студзеня ўжо.

Сёлета Аляксея Прохарава ўжо некалькі разоў каралі за ўдзел у акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, якія праходзілі ў Менску і ў Віцебску. Але раней гэта былі толькі грашовыя штрафы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск