Максім Губарэвіч: Кампанія 2020 – кампанія з сюрпрызамі
Гарадзенскі грамадскі дзеяч, былы кандыдат ў дэпутаты беларускага парламента, сябра Партыі БНФ Максім Губарэвіч лічыць, што выбарчая кампанія 2020 года ў перыяд пандэміі каронавірусу мае свае асаблівасці:
– Стаўленне да гэтай кампаніі вельмі стрыманае. Па-першае, гэта і эпідэміялагічная сітуацыя. Не вельмі добра збіраць подпісы ў такой сітуацыі, бо гэта пагроза прамая жыццю людзей і здароўю. Па-другое, тое, што ўлады, нягледзячы на эпідэмію абвясцілі выбарчую кампанію, сведчыць пра тое, што сітуацыя ў эканоміцы і ў грамадстве вельмі напружаная. Яны хочуць вельмі хутка правесці гэту кампанію, бо далей можа быць яшчэ горш.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Губарэвіч лічыць, што у 2020 годзе ў палітыцы мы ўбачым новыя твары, аднак гэта не прывядзе да змены палітычнай сітуацыі:
– Гэта кампанія будзе вельмі адрознівацца ад мінулых. Будзе шмат сюрпрызаў, з’явяцца новыя лідары, новыя асобы. І мажліва, што гэта будзе перадапошняя выбарчая кампанія для гэтай улады. Я думаю, што яшчэ хопіць адміністрацыйнага рэсурса, каб гэты раз выцягнуць гэтыя выбары па старым сцэнары. Але наступныя выбары сапраўды могуць стаць вырашальнымі для сённяшняга прэзідэнта.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Максім Губарэвіч сёлета не ўваходзіць у каманды кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, але прымае актыўны ўдзел у гарадзенскім валанцёрскім руху.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
