COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Змаганне з каронавірусам перашкаджае барацьбе за захаванне белага паўночнага насарога.

Трамп пагражае Паўночнай Караліне перанесці з’езд Рэспубліканскай партыі. Асноўныя тэмы сусветнай прэсы ў аўторак у аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

– Змаганне з каронавірусам перашкодзіла барацьбе за захаванне ўнікальнай папуляцыі рэдкага афрыканскага віду. Белы паўночны насарог ужо шмат гадоў знаходзіцца пад пагрозай поўнага знікнення з планеты. На дадзены момант ёсць толькі дзве асобіны гэтага віду. У Чырвонай кнізе, адпаведна, белы паўночны насарог апісаны як від пад крытычнай пагрозай. Навукоўцы чатырох краін працуюць над утрыманнем папуляцыі, піша Rzeczpospolita. Гэтыя краіны — Кенія, Італія, Чэхія і Нямеччына. Дзве самкі — Фату і яе маці Наін, жывуць у рэзервацыі Ол Пехета ў Кеніі. Апошні самец роду быў усыплены ў 2018 годзе, праўда, перад тым навукоўцам удалося здабыць і замарозіць яго семя. У студзені гэтага года з яйцаклетак, сабраных у самак і спермы, былі створаны тры эмбрыёны, якія захоўваюцца ў вадкім азоце. Вясной яны павінны былі быць імплантаваныя самкам, але далейшыя крокі развіцця пандэміі затрымалі гэты працэс. Час, неабходны для збору большай колькасці яек у самак і працы над далейшымі эмбрыёнамі, таксама ўцякае. „Мы ведаем, што час працуе супраць нас”, – кажа Чэзарэ Галі, спецыяліст па апладненні in vitro з Італіі. Самкі старэюць, і ў нас выбару няма”. Сітуацыю яшчэ больш абцяжарвае той факт, што нават у выпадку зняцця абмежаванняў на праезд у кенійскім запаведніку сустракаюцца рэдкія прыматы, схільныя да каронавіруснай інфекцыі.

Дзіцячыя лагеры ва Украіне адкрыюцца на апошнім этапе выхаду з каранціну. Міністэрства аховы здароўя хоча мінімізаваць верагоднасць заражэння дзяцей. Як паведамляе УНІАН, пра гэта сказаў міністр аховы здароўя Максім Сцяпанаў. Ён адзначыў, што такія правілы будуць прымяняцца, у прыватнасці, у дзіцячым лагеры „Артэк”. „Калі мы гаворым пра адкрыццё дзіцячых лагераў, а канкрэтна пра „Артэк”, гэта магчыма толькі на апошнім этапе каранціну. Таму што для нас вельмі важна, каб рызыка заражэння была мінімальнай, практычна адсутнічала, калі мы гаворым пра нашых дзяцей”, – сказаў Сцяпанаў. Па стане на раніцу 26 траўня ва Украіне зафіксавана павелічэнне дынамікі распаўсюджвання каронавірусу — за дзень пацверджана на 80 новых выпадкаў больш, чым напярэдадні. Паведамлялася таксама, што да заканчэння каранціну 22 чэрвеня канцэрты і масавыя мерапрыемствы ва Украіне не плануюцца.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распачаў кампанію па аказанні ціску на губернатара Паўночнай Караліны, каб дазволіць правядзенне з’езду Рэспубліканскай партыі, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу. Пра гэта кіраўнік Белага дома напісаў у серыі паведамленняў у Twitter. Іх сёння зранку цытуе амерыканская прэса. „Я так люблю цудоўны штат Паўночная Караліна, што я настаяў на правядзенні з’езду Рэспубліканскай партыі ў Шарлаце ў канцы жніўня. На жаль, губернатар штату, прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Рой Купер працягвае настойваць на далейшым прыпыненні любой дзейнасці і не можа гарантаваць, што нам дазволяць цалкам запоўніць Арэну ў жніўні”, – напісаў з абурэннем Трамп. Ён папракнуў губернатара Купера, што дзяржава можа страціць мільённыя прыбыткі, якія можа забяспечыць такая акцыя. Калі губернатар не адрэагуе станоўча на цяперашнюю нявызначанасць у дачыненні да пандэміі, Трамп прыгразіў знайсці іншае месца для з’езду партыі. Паводле апошніх звестак, у Паўночнай Караліне зарэгістравана больш за 24 000 хворых на COVID-19, а ўсяго ў Злучаных Штатах зарэгістравана больш за мільён і амаль 700 000 выпадкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота EPA /UPG