Генадзь Фядыніч: Не падвесці людзей пад рэпрэсіі



Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч выказаўся наконт магчымых пратэстаў падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Блогер Сяргей Ціханоўскі, які ўзначальвае ініцыятыўную групу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, распавёў, што ў яго ёсць папярэдні план на 9 жніўня, калі выбары будуць зноў сфальсіфікаваныя.

“Людзі выйдуць кожны ў сваім горадзе спачатку да выбарчых участкаў, потым да выканкамаў на цэнтральныя плошчы, – цытуе Ціханоўскага “Наша Ніва”. – У кожным абласным і раённым горадзе, не кажучы пра сталіцу. І для гэтага не патрэбны каардынатары”.

Генадзь Фядыніч: Хачу сказаць, што сёння цяжка ацаніць ступень пратэстнага патэнцыялу ў грамадстве, хаця чэргі да пікетаў Сяргея і Святланы Камароўскіх кажуць пра тое, што многіх людзей, мякка кажучы, не задавальняе дзеючая ўлада.

Іншая справа, што ў Ціханоўскага няма досведу таго, як ладзіць мірныя пратэсты. Мала вывесці людзей на вуліцу, патрэбна такая арганізацыя, каб не падставіць людзей. Не падвесці іх пад рэпрэсіі.

РР: І не паўтараць ранейшых памылак некаторых іншых прадстаўнікоў апазіцыі?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, бо заклікаць народ на пратэсты – гэта адно, а несці адказнасць за людзей – зусім іншае. Думаю, што Сяргей Ціханоўскі шчыры ў сваіх памкненнях, але ў яго няма практыкі арганізацыі акцый.

Але трэба глядзець, як будзе разгортвацца сітуацыя далей. Пабачым каго зарэгіструюць, а каго пакінуць за бортам. У любы дзень сітуацыя можна змяніцца.

Хаця адно можна сказаць дакладна – вельмі шмат людзей, якія хочуць прагаласаваць за каго заўгодна, але толькі не за дзеючага кіраўніка. Многія ж не дурні, бачаць, што адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя