Пазьняк крытыкуе ўсіх патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта
Лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў у фэйсбуку сваё бачанне выбараў. Ён мяркуе, што ва ўдзеле Бабарыкі і Цапкалы зацікаўлены як рэжым Лукашэнкі, так і Масква: «Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо наменклатурную, зрусіфікаваную кіруемую альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі».
Палітык дадае, што падвышаная ўвага да Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы з боку СМІ дапамагае пераключыць грамадства з тэмы каронавіруса і дзеянняў Лукашэнкі, які, маўляў, выкарыстоўвае пандэмію для знішчэння беларусаў.
„Далёкасяжная роля для Масквы – гэта стварэнне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Еўразвязам і ЗША (вакансія „Мілінкевіча”, які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе).
Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна. Што датычыць „дыпламата” сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянер „всегда готов”, сваёй ролі ў выбарчай кампаніі, і сваіх „рускамірскіх паняццяў” нават не хавае”.
Блогер Сяргей Ціханоўскі, на думку Пазьняка, знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалогіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць «агентамі ўплыву», прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.
А Мікалая Статкевіча Пазьняк назваў «нязьменным «пратэстантам» і «вядомым правакатарам пабоішча 2010 года».
Нагадаем, што выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя