Шэнген па 35: Еўразвяз ухваліў візавае пагадненне з Беларуссю



Шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра ўжо з 1 ліпеня. Рада Еўразвязу ратыфікавала адпаведнае пагадненне.

Згодна з ім Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЕЗ або ўмовы знаходжання ў ЕЗ. Пагадненне датычыць і тых асобаў, хто незаконна трапіў на тэрыторыю ЕЗ пасля знаходжання ў Беларусі або транзіту праз яе.

Плата за візу для беларусаў, якія едуць на тэрыторыю ЕЗ на тэрмін да 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд, будзе зніжаная да 35 еўра (некаторыя катэгорыі падарожнікаў будуць вызваленыя ад гэтай аплаты).

Тэрмін для разгляду зваротаў аб выдачы візаў у консульствах будзе скарочаны да 10 дзён. Некаторыя катэгорыі беларускіх грамадзян, такія як журналісты, студэнты і ўдзельнікі афіцыйных дэлегацый, змогуць атрымліваць візы для шматразовага ўезду, якія будуць дзейнічаць даўжэй, і ім трэба будзе прадстаўляць менш дакументаў для абгрунтавання мэты паездкі.

Беларускае Радыё Рацыя