Парк у Больцініках



Калі вы будзеце ехаць праз памежны пераходу Беняконі, што ў Вараноўскім раёне, там заўсёды вялікая чарга грузавых аўтамабіляў, якія стаяць яшчэ перад мястэчкам. Гэта шлях які вядзе ў Салечнікі (цяпер Шальчынінкай). Там, у Салечніках, дарэчы ёсьць прыгожы паўнавартасны помнік Кастусю Каліноўскаму, пастаўлены беларускай грамадой. Але зараз прапаную скіравацца не праз мяжу, а ўздоўж. Калі ў цэнтры Беняконяў павярнуць налева трапім у Больцінікі. Вымаўляюць назву гэтага паселішча зараз па-рознаму – Бальценікі, Больцінікі, Больценікі. Слоўнік населеных пунктаў Рапановіча падае назву з націскам на першы склад і праз “і”. Упершыню пра Больцінікі я прачытаў амаль чвэрць стагоддзя ў кніжцы гарадзенскага гісторыка і літаратуразнаўца Барыса Клейна. Здаецца менавіта гэты даследнік і наш універсітэцкі выкладнік вярнуў у культуру мясцовасць пра якую мы гаворым зараз. Клейн ездзіў мясцінамі Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі і натрапіў на іх сляды таксама у Больцініках.

Стары парк у Больцініках вакол палацу, які займае плошчу больш 8 гактараў, уражвае нават зараз. Тут яшчэ растуць даволі рэдкія экзоты, сярод якіх коркавае дрэва, кіпарысы, грэцкі гарэх, лістоўніца Кемпфера. Найбольш звыклых для нас ліпаў і клёнаў. Усяго ж тут расце больш 60 відаў дрэваў. У цэнтры ансамблю сядзібны дом, зараз у ім вядуцца пэўныя рэстаўрацыйныя працы. Уражвае архітэктурная адметнасць галоўнага будынку з чырвонай цэглы з калонамі. Двухпавярховы дом з аранжарэяй пабудаваны ў стылі неаготыкі ў пачатку 20 стагоддзя. Дом пабудаваны на месцы старой аднапавярховай сядзібы. Парк закладаў сын графа Путкамера і Марылі Верашчакі Станіслаў Путкамер. Наўкола разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Сярод іх вылучаецца белы вялікі будынак, верагодна былая стайня. За домам нізіна, дзе метраў за 50 стаіць альтанка.

Не так далёка ад сядзібы так званы Гаёк Марылі, па дарозе мост праз досыць вялікую сажалку з савецкай яшчэ бляхай на парэнчы моста, у якой дзірамі выбіты напіс “В пруду ловля рыбы запрещена”. Гэтую сажалку называюць “Морам Марылі”. Наўкола прыгожыя краявіды ў пойме ракі Балацянкі. Пры дарозе на ўскрайку гайка вялікі камень на якім шыльда, дзе напісана “Помнік прыроды Рэспублікі Беларусь”. У глыбіні невялікага ляска расчышчанае месца, дзе ляжыць той самы камень, каля якога сустракаліся Міцкевіч з Верашчакай. На камяні высечаны знак крыжа. Раней камень быў абнесены ланцугамі на невысокіх слупках, зараз гэтай агароджы няма. Гаёк з усіх бакоў абступаюць калгасная палеткі.

Апошнія сустрэчы Міцкевіча з сваёй каханай былі якраз тут у Больцініках, калі Верашчака была ўжо замужам за графам Путкамерам. Рэч у тым, што Марыля Верашчака звярталася да Міцкевіча з просьбай, калі ён вернецца на радзіму ўжо пасля яе смерці, каб выбіў на магільным камяні крыж. Міцкевіч памёр раней сваёй каханай, Крыж выбіў нехта іншы. Барыс Клейн піша, што сын Міцківеча Уладзіслаў сустракаўся з Марыяй Верашчакай-Путкамер у Вільні. У Больцінікі ж прыязджаў Ігнат Дамейка.

Такія сляды даўняй гісторыі…

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара