Міхась Міцкевіч: Прыйшоў час, калі пара паспавядацца каля магілы бацькі
У мінулую сераду – 27 траўня на 95-м годзе жыцця пайшоў у іншасвет малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
Прапануем вашае ўвазе фрагмент архіўнага запісу аднога з яго апошніх публічных выступаў:
– Прыйшоў той час, калі ўжо пара паспавядацца каля магілы бацькі. Я стараўся весці свае паводзіны такім чынам, каб на бацькоўскую светлую памяць не леглі плямы. У той сумны дзень, калі не стала бацькі, я вяртаўся з Масквы. Вось калі пад’ехаў ужо да вакзала, гляджу, выйшла жонка мая і чамусьці медсястра. Мяне адразу кальнула. Ну, жонка кінулася мне на шыю і сказала: „А бацькі ўжо з намі няма”.
Міхась Міцкевіч быў доктарам тэхнічных навук у галіне апрацоўкі металаў. Шмат зрабіў для мемарыялізацыі памяці пра свайго бацьку Якуба Коласа. Стаў прататыпам галоўнага героя коласаўскай паэмы „Міхасёвы прыгоды”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск