Міколу Саляніка пакаралі штрафам
Грамадскаму актывісту Міколу Саляніку суд Ленінскага раёна Гародні прысудзіў 40 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім, якая прайшла 26 красавіка ў Гародні.
Паводле Міколы Саляніка, яго запрасілі 27-га траўня для ўдзелу ў дадатковым апытанні па яго адміністрацыйнай справе ў Ленінскі РАУС, а насамрэч – правялі адміністрацыйны суд. Такім чынам, суддзя Дзмітрый Бубенчык вызначыў яму высокі штраф паводле артыкула 23.34. Адміністрацыйнага кодэкса.
Кажа Мікола Салянік:
– Забяру рашэнне з суда і буду звязвацца з праваабаронцамі, бо трэба штосьці рабіць. Я прыйшоў, як заўсёды хаджу, з Адміністрацыйным кодэксам, з Канстытуцыяй. І сказаў, што лічу, што нічога не парушыў. Усё роўна, раз не могуць закрыць на суткі, то суддзя вырашыў прысудзіць мне 40 базавых – гэта 1080 рублёў штрафу.
Пакуль Мікола Салянік не каментуе, ці плануе аспрэчваць адміністрацыйны штраф.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня