Fitch чакае росту праблемных актываў беларускіх банкаў
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings чакае росту праблемных актываў беларускіх банкаў. Пазіцыя агенцтва адлюстраваная ў каментары да рэйтынгавых дзеянняў у дачыненні да трох дзяржаўных банкаў.
Агенцтва пацвердзіла доўгатэрміновыя рэйтынгі „Беларусбанка”, Банка развіцця і „Белінвестбанка” на ўзроўні B са стабільным прагнозам. Прагноз па рэйтынгах банкаў адпавядае суверэннаму рэйтынгу Беларусі.
Агенцтва, гаворыцца ў тлумачэнні да рэйтынгаў банкаў, ацэньвае гатоўнасць дзяржавы аказваць падтрымку дзяржбанкам у выпадку неабходнасці як высокую. У той жа час аналітыкі Fitch паказваюць, што „магчымасці ўладаў аказваць такую падтрымку абмежаваныя, асабліва калі падтрымка павінна давацца ў замежнай валюце”.
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва таксама звяртаюць увагу на даволі складанае аперацыйнае асяроддзе для беларускіх банкаў, „якое, як мы чакаем, пагоршыцца ў 2020 годзе ў выніку наступстваў пандэміі каранавіруса”.
„Fitch прагназуе рэзкае запаволенне беларускай эканомікі ў 2020 годзе (скарачэнне ВУП на 5% у параўнанні з ростам на 1,2% у 2019 годзе)”, — гаворыцца ў каментары рэйтынгавага агенцтва.
На думку аналітыкаў Fitch, слабая ўнутраная эканамічная актыўнасць у Беларусі, звужэнне вонкавага попыту на беларускую прадукцыю разам з ростам абавязацельстваў кампаній (з-за дэвальвацыі), намінаваных у замежнай валюце, „прывядзе да пагаршэння якасці актываў банкаў”.
За першы квартал неабслугоўваныя (праблемныя) актывы беларускіх банкаў выраслі амаль на траціну, сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.
Так, неабслугоўваныя актывы банкаў за першы квартал выраслі на 32,7% — з 2,73 млрд рублёў на 1 студзеня да 3,62 млрд рублёў на 1 красавіка. Асобна за сакавік неабслугоўваныя актывы банкаў павялічыліся на 18,2%.
Доля неабслугоўваных актываў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, павялічылася з 4,6% на 1 студзеня да 5% на 1 сакавіка і да 5,3% на 1 красавіка.
Статыстычныя дадзеныя Нацбанка сведчаць, што рост праблемных актываў (у рублёвым выражэнні) супаў з ростам курсу долара. За першы квартал, нагадаем, курс долара ў Беларусі вырас больш чым на 23%, у тым ліку ў сакавіку — на 15%.
Прадстаўнікі Нацыянальнага банка раней адзначалі, што праблемныя актывы банкаў намінаваныя ў значнай ступені ў замежнай валюце. Адпаведна, рост курсаў замежных валют вядзе да пераацэнкі і павелічэння праблемнай завінавачанасці ў рублёвым выражэнні.
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц, выступаючы на пашыраным пасяджэнні праўлення ў студзені гэтага года, адзначаў, што рэгулятар занепакоены фінансавым становішчам шэрагу карпаратыўных пазычальнікаў.
„У цэлым сектар нефінансавых арганізацый мае няўстойлівае фінансавае становішча, высокі ўзровень закрэдытаванасці і хранічны недахоп уласных абаротных сродкаў з прычыны неэфектыўнага кіравання асобнымі прадпрыемствамі”, — сказаў Калечыц.