Дзяржпрадпрыемствам даручана перавесці рахункі ў дзяржаўныя банкі



Міністэрствы і канцэрны даручылі прадпрыемствам з дзяржкапіталам перайсці на абслугоўванне ў дзяржаўныя банкі. Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) выступіў катэгарычна супраць такой практыкі.

У паведамленні БСПН гаворыцца, што прадпрыемствы з доляй дзяржавы атрымліваюць ад вышэйшых галіновых органаў кіравання распараджэнні перавесці рахункі, за выключэннем рахункаў па ўліку крэдытнай завінавачанасці, з прыватных банкаў у дзяржаўныя.

У прыватнасці ў БСПН паступіла копія распараджэння старшыні канцэрна „Беллегпрам” Таццяны Лугіной ад 25 мая №5-23/3378, у якім тая, спасылаючыся на даручэнне ўрада, патрабуе ад падведамных прадпрыемстваў не пазней за 8 чэрвеня даць справаздачу аб пераносе рахункаў.

Паводле інфармацыі БСПН, аналагічныя лісты атрымалі не толькі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, але і іншых галін, дзе аўтарамі паведамленняў таксама выступілі міністэрствы і ведамствы.

Дырэктар БСПН Жанна Тарасевіч раскрытыкавала змест такіх даручэнняў. „Па-першае, абурае сам змест гэтага ліста пра прымус камерцыйных арганізацый, якія маюць права самастойна вырашаць пытанні ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці. Па-другое, лічым, што гэтыя дзеянні груба парушаюць артыкул 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб роўнасці ўсіх формаў уласнасці”, — падкрэслівае Тарасевіч.

У сувязі з гэтым яна задаецца пытаннем, а ці патрэбныя канцэрны і членства ў іх, „калі яны не дапамагаюць камерцыйным арганізацыям, а дэстабілізуюць іх”.

„І галоўнае: чым такое стаўленне заслужылі камерцыйныя банкі, якія спраўна плацілі падаткі, займаліся абслугоўваннем суб’ектаў гаспадарання, аказвалі спонсарскую дапамогу і іншае? Чым яны не дагадзілі нашым органам улады?” — задаецца пытаннем Тарасевіч.

У гэтай сувязі кіраўніцтва БСПН ад асобы дзелавой супольнасці выказвае „глыбокую трывогу і расчараванне” з нагоды падобных дзеянняў эканамічных уладаў.

„Патрабаванне размяшчаць рахункі толькі ў дзяржаўных банках супярэчыць рынкавым прынцыпам і можа нанесці сур’ёзную шкоду эканоміцы, якая і без таго адчувае прэсінг ва ўмовах пандэміі COVID-19”, — падкрэсліла Тарасевіч.

belapan.by