Ілля Дабратвор: Сілавікоў не спыніць ніхто



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор распавёў, чаму некаторым прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду трэба пазбавіцца ружовых акуляраў.

У сацыяльных сетках некаторыя абураюцца прапановай блогера Сяргея Ціханоўскага, які як быццам выказаўся так: маўляў, патрэбен атрад жанчын, які будзе супрацьстаяць АМАПу, калі сілавікі пачнуць разганяць людзей. Блогер мяркуе, што АМАПаўцы дакладна не будуць біць жанчын.

Ілля Дабратвор: Не ведаю, ці дакладна такая ініцыятыва належыць Ціханоўскаму, але не варта ўсур’ёз успрымаць гэтую інфармацыю. Тыя, хто не першы год маюць досвед у палітыцы, добра ведаюць нашу ўладу, сілавікоў і разумеюць, што ніякія жанчыны не стануць перашкодай для таго, каб АМАПаўцы прымянілі сілу.

Сілавікам, якім даюць загад на жорсткія дзеянні, абсалютна без розніцы, хто перад імі – мужчыны альбо дзяўчаты. Можна ўспомніць, як АМАПавец ударыў Святлану Завадскую, і яна да гэтага часу не дабілася, каб вінаваты быў пакараны.

На ўсіх акцыях пратэсту людзей лупілі без разбору. Ды і ўвогуле, я не лічу беларусаў нейкімі арабскімі тэрарыстамі, якія гоняць жанчын наперадзе сябе. Калі мне патрэбна выйсці на пратэст, то зраблю гэта сам, а не буду хавацца за спіной жонкі.

РР: Масавыя пратэсты падчас выбараў – гэта рэальнасць?

Ілля Дабратвор: Мне падаецца, што зараз няма вялікага градуса пратэстнага патэнцыяла. Я параўноўваю Ціханоўскага з Махно. Пан-атаман прыехаў, сабраў нейкую частку сваіх паплечнікаў, затым з’ехаў і ўсе разышліся.

У Сяргея Ціханоўскага няма арганізацыі і няма структуры. А пратэсты, калі мы ўзгадаем 2010 год, гэта найперш была арганізацыя.

Калі казаць пра пратэсты, то Мікалай Статкевіч напачатку збіраў па некалькі тысяч чалавек, а зараз на яго акцыях – 200-300 прысутных. Мяркую, Ціханоўскі ідзе тым жа шляхам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя