Апазіцыя судзіцца за неўключэнне ў склад выбарчых камісіяў



Такая прыкмета кожных беларускіх выбраў. Суд не задаволіў скаргу «Права выбару-2020», у кампаніі лічаць, што такім чынам суд парушыў закон. У Менскім гарадскім судзе разглядалася справа па скарзе, падрыхтаванай экспертамі кампаніі «Права выбару», на вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій у горадзе Менску.

Каментуе сваю пазіцыю прадстаўнік «Права выбару» Аляксей Сігаеў:

– Скарга палягала на тым, што мы вылучаем нашых прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый у камісіі, і традыцыйна нашых прадстаўнікоў туды не ўключаюць. То бок, калі вы паглядзіце сёння на склад менскай гарадской выбарчай камісіі, там можна нават пабачыць траіх сябраў камуністычнай партыі Беларусі. Тое, што яны сябры КПБ, было агучана на пасяджэнні ў гарвыканкаме. Спрабавалі дамагчыся, каб прадстаўнікі нашых арганізацый таксама ўвайшлі ў склад.

Скаргу падавала Менская гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Суд стаў на бок мясцовых уладаў, якія фармавалі менскую гарадскую выбарчую камісію, прызнаўшы довады БСДП недастаковымі. Нагадаем, што арганізацыі-ўдзельнікі кампаніі «Права выбару» паставілі перад сабой задачу дамагчыся ўключэння сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя