Алег Дулуб узначаліць „Менск”?
Па звестках pressball.by, Алег Дулуб стане галоўным трэнерам „Менска”. На гэтай пасадзе ён зменіць Андрэя Разіна. Футбольны клуб „Менск” паведаміў, што інфармацыя аб змене галоўнага трэнера „гараджан” не адпавядае рэчаіснасці.
„Менск” займае 14-е месца ў табліцы, маючы два матчы ў запасе. Гульні „гараджан” у двух папярэдніх турах былі перанесены на больш позні тэрмін у сувязі з падазрэннем заражэння гульца клуба каронавірусам. 1 чэрвеня “Менск” дома прыме „Слуцк” у рамках 11 тура чэмпіянату Беларусі.
ЧС па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў у Заслаўі адменены з-за каронавіруса
Чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў у Заслаўі адменены. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі універсітэцкага спорту (FISU). Спаборніцтвы павінны былі адбыцца з 21 па 23 жніўня 2020 года. Аднак пасля абмеркаванняў з мясцовым арганізацыйным камітэтам, у сувязі са складаным эпідэміялагічным становішчам кіруючым камітэтам FISU прынята рашэнне аб іх адмене.
„Рэал” гатовы абмяняць Пагба на чатырох гульцоў
Паўабаронца „Манчэстар Юнайтэд” Поль Погба можа працягнуць кар’еру ў „Рэале”, паведамляе The Sun. Мадрыдцы гатовыя абмяняць француза на чатырох гульцоў – Марціна Эдегора, Хамеса Радрыгеса, Лукаса Васкеса і Марыяна Дыяса. У сезоне-2019/20 27-гадовы Погба правёў за „Манчэстар Юнайтэд” 8 матчаў, на яго рахунку дзве выніковыя перадачы. Большую частку сезона хаўбек прапусціў з-за траўмы. Партал transfermarkt.com ацэньвае яго кошт у 80 мільёнаў еўра.
Ралі-рэйд „Шаўковы шлях – 2020” адменены
Ралі-рэйд „Шаўковы шлях” адменены ў 2020 годзе з-за каронавіруса. У паведамленні адзначаецца, што цяпер увесь свет жыве надзеяй на хуткае заканчэнне пандэміі. Строгае захаванне прынятых абмежаванняў мае важнае значэнне для таго, каб гэты доўгачаканы момант наступіў як мага хутчэй. У сувязі з гэтым правядзенне вызначанага дзясятага міжнароднага ралі „Шаўковы шлях” адмяняецца.