У Еўрапарламенце занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі



У Еўрапарламенце занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і дакладчыка ЕП па Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

„Перадвыбарная кампанія пачалася з агульнанацыянальных рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, — адзначаецца ў заяве. — Напрыклад, дзясяткі людзей былі арыштаваныя па ўсёй краіне за тое, што яны наведвалі сходы відэаблогера Сяргея Ціханоўскага або пратэставалі супраць яго нядаўняга затрымання”.

Еўрадэпутаты таксама занепакоеныя „захаваннем дыскрымінацыйнага падыходу да складу тэрытарыяльных выбарчых камісій, бо колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый, дапушчаных у гэтыя камісіі, значна скарацілася ў параўнанні з папярэднімі выбарамі”. „Збалансаваны склад камісій з’яўляецца гарантыяй сапраўды свабодных і дэмакратычных выбараў, — падкрэсліваецца ў заяве. — І апошняе, але не менш важнае: мы занепакоеныя рашэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі адмовіць па тэхнічных прычынах у рэгістрацыі некаторым вядомым дзеячамі апазіцыі”.

У заяве адзначаецца, што папярэднія выбары ў Беларусі „былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў”.

„Паколькі выбарчы працэс у гэтым годзе будзе праходзіць у вельмі своеасаблівым кантэксце, калі ўвага міжнароднай супольнасці прыцягнутая да пандэміі COVID-19, мы заклікаем беларускія ўлады стварыць, нарэшце, рэальна роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, а таксама выканаць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку звязаныя з відавочна незбалансаваным складам тэрытарыяльных выбарчых камісій, адміністрацыйнымі махінацыямі ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў і адсутнасцю празрыстасці ў працэсе падліку”, — гаворыцца ў заяве.

Еўрадэпутаты таксама заклікалі беларускія ўлады арганізаваць бяспечнае правядзенне выбараў з улікам пандэміі COVID-19, у тым ліку забяспечыць сродкамі індывідуальнай засцярогі членаў выбарчых камісій, зрабіць бяспечным для здароўя грамадзян працэс галасавання і забяспечыць умовы працы для назіральнікаў.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by