Памёр расейскі праваабаронца Сяргей Махнаткін
Расейскі палітычны актывіст і праваабаронца Сяргей Махнаткін памёр ва ўзросце 66 гадоў.
Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, Махнаткін памёр у шпіталі, дзе ляжаў з траўмай пазваночніка. Ён апошнія некалькі месяцаў ляжаў у шпіталях. Перад шпіталізацыяй ў яго адняліся ногі.
Махнаткін быў шпіталізаваны ў канцы лістапада 2019 года ў Цвярской вобласці з-за ўскладнення траўмы хрыбетніка, якую атрымаў у 2016 годзе, адбываючы пакаранне ў папраўчай калоніі №4 у Архангельскай вобласці.
Да таго часу праваабаронца ўжо перанёс аперацыю на хрыбетніку. Ён распавядаў, што хрыбетнік яму зламалі супрацоўнікі калоніі.
Сяргей Махнаткін упершыню быў асуджаны ў 2010 годзе. Ён быў прызнаны вінаватым у супраціве супрацоўніку міліцыі на мітынгу 2009 года і засуджаны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Махнаткін не прызнаў віну. Ён казаў, што праходзіў міма мітынгу на Трыўмфальнай плошчы, убачыў, як паліцыянты ўжывалі сілу да жанчыны, і вырашыў ёй дапамагчы. Абвінавачванне сцвярджала, што ён зламаў паліцэйскаму нос.
У красавіку 2012 года Махнаткін быў памілаваны ўказам прэзідэнта Мядзведзева. Для гэтага ён быў вымушаны напісаць прашэнне аб памілаванні, хоць сваёй віны не прызнаваў ні на судзе, ні ў наступных публічных заявах.
Аднак у 2013 годзе яго зноў затрымалі на Трыўмфальнай плошчы па тым жа артыкуле. У 2014 годзе Махнаткіна засудзілі на чатыры з паловай гады калоніі. Праваабарончая арганізацыя „Мемарыял” прызнала яго палітвязнем.
У 2016 годзе Махнаткіна пакаралі яшчэ 11 месяцамі турмы за абразу начальніка атрада калоніі.
Падчас адбыцця пакарання Сяргей Махнаткін некалькі разоў ладзіў акцыі пратэсту і галадоўкі, скардзячыся на ўмовы ўтрымання і стан здароўя.
У 2017 годзе суд горада Котлас, у калоніі якога адбываў пакаранне Махнаткін, прысудзіў актывіста, які ўжо адбываў арышт за напад на паліцыянтаў на мітынгу, яшчэ да двух гадоў пазбаўлення волі за дэзарганізацыю працы калоніі. На волю Махнаткін выйшаў у снежні 2018 года, пасля таго як суд адмяніў рашэнне пра яго арышт па новай справе.
Махнаткін на волі ўзначаліў Цвярское аддзяленне праваабарончага руху „За правы чалавека”.
Сяргей Махнаткін – лаўрэат прэміі Маскоўскай Хельсінкскай групы „За мужнасць, праяўленую ў абароне правоў чалавека”.
Фота: ТАСС