У Беларусі больш за 40 тысяч пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 40.764, памерла 224 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 906, або на 2,27% (у папярэднія суткі было 902 новыя выпадкі і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 17.390 пацыентаў (+730 за суткі). Усяго праведзена 512.418 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — 13,2 тысячы.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

Сёння падчас наведвання Мінскага трактарнага завода Лукашэнка заявіў: „Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш, чым хвароба. Хвароба займае палову, можа, і менш. Усё астатняе — гэта палітыка”.

Падчас анлайн-брыфінгу 28 мая дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге паведаміў, што Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Еўропы з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў заражэння COVID-19 за апошнія два тыдні. Акрамя Беларусі ў першую пяцёрку ўвайшлі Расія, Вялікабрытанія, Турцыя і Італія.

Клюге адзначыў, што на фоне пандэміі Еўропа ўваходзіць у фазу эканамічнага спаду, але разам з тым ён перасцерагае краіны ад таго, каб з-за гэтага яны скарачалі дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя. „Сёння нашым прыярытэтам павінна стаць інвеставанне ў ахову здароўя, у сацыяльную абарону і перш за ўсё пазбяганне жорсткай эканоміі, якая разбурыла жыцці многіх у Еўропе. Інвеставанне ў ахову здароўя і сацыяльную абарону — асабліва ва ўмовах нестабільнай эканомікі — з’яўляецца прыкметай адказных палітычных дзеянняў”, — падкрэсліў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ.

belapan.by

Фота Reuters