Ці спыніцца вайна ва Украіне?



Палітык Рыгор Кастусёў выказвае сваё меркаванне з нагоды вынікаў Менскага саміта.

Палітолагі і палітыкі працягваюць шырока абмяркоўваць вынікі і магчымыя наступствы Менскага саміта. Хто выйграў, а хто прайграў пасля перамоваў у беларускай сталіцы? Як будуць выконвацца дамовы? І галоўнае: ці спыніцца ў бліжэйшы час вайна ва Украіне?

Рыгор Кастусёў: На маю думку, тыя пагадненнні, да якіх прыйшлі ў Менску, на жаль, не будуць мець практычнай рэалізацыі. Расейскі бок, напэўна, будзе трымаць курс на далейшую эскалацыю канфлікта. Таго, што чакала міжнародная супольнасць, баюся, Україна не атрымае.

РР: І ўсё ж-такі: ці ёсць надзея, што пасля Менскага саміту вайна спыніцца?

Рыгор Кастусёў: Хацелася б верыць, але мы ўжо бачылі – калі справа даходзіць да практычнай рэалізацыі нейкіх пагадненняў, на выхадзе атрымоўваецца нуль. Можа быць нейкае зацішша на кароткі перыяд, але напружанасць не знізіцца, і, як я мяркую, вайна працягнецца. Украіне трэба ўводзіць больш жорсткія правілы гульні і вызваляць сваю тэрыторыю ад тых, хто на яе наваліўся.

РР: Ці роўныя сілы ў Украіны і Расеі, каб афіцыйны Кіеў “уводзіў больш жорсткія правілы гульні”?

Рыгор Кастусёў: Расея таксама пачынае выдыхацца. І Україна не павінна застацца сам-насам у складаны час. Сваё слова павінна сказаць міжнародная супольнасць. Калі санкцыі з боку Еўропы да Крамля будуць больш жорсткія, то адназначна, што расейскі імпэт пойдзе ўніз. Нават расейскае грамадства ўжо пачынае разумець, што адбываецца. У гутарках з расейцамі я бачу, як змяняецца іх стаўленне да падзей ва Украіне. Асабліва сярод тых, чые блізкія загінулі. Да расейцаў пачынае прыходзіць разуменне, што іх увязалі ў вайну з блізкім народам, таму “урапатрыятызм” і “крымнаш” гучаць ужо не так, як раней.

РР: Некаторыя аналітыкі cцвярджаюць, што такія перамовы, якія адбыліся ў Менску, фактычна легітымізуюць сепаратыстаў і тую палітыку, якую праводзіць Масква. Ваша меркаванне?

Рыгор Кастусёў: У нейкай ступені – гэта так. Разглядалася ж пытанне аб амністыі сепаратыстам. Нельга прымаць такія рэчы! Людзі, якія дапусцілі злачынствы, павінны несці судовую адказнасць. Калі даць баевікам амністыю, у іх з’явіцца пачуццё безадказнасці за ўсё тое, што яны вытвараюць. Таму зацішша зараз наадварот на руку сепаратыстам, каб перагрупавацца і ізноў пайсці ў наступ. Калі ўкраінскі бок гэтага не зразумее, то атрымае ў хуткім часе яшчэ большыя праблемы.

РР: Вы лічаце, што Расея сёння не зацікаўлена ў спыненні вайны?

Рыгор Кастусёў: Гэта паказвае сама сітуацыя ва Украіне. Ужо былі Менскія пагадненні аб спыненні агню, алі хіба яны выконваюцца? Глупствам было б лічыць, што Крэмль тут ні пры чым. Зрэшты, я не хачу казаць нічога дрэннага пра ўвесь расейскі народ. Вайну вядуць не людзі, а палітыкі. Лепш жа, каб народ сачыў за вайной, чым звяртаў увагу на ўласныя праблемы ўнутры краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя