Аршанскі дом і вуліца ў творчасці Караткевіча



Творы Уладзіміра Караткевіча магічныя, жывыя, абуджаюць адразу Пяць асноўных пачуццяў: зрок, слых, дотык, нюх, смак.

Калі чытаеш Караткевіча, адчуваеш водар ракі, смак ежы і напояў, цяпло і холад, дотык далоні ці подых ветру, чуеш гукі, музыку, бачыш яркія вобразы і карцінкі.

У Воршы ёсць вуліца, якая раней называлася вуліцай Касманаўтаў, а цяпер мае імя “вуліца Караткевіча”. 

На вуліцы захаваўся дом, дзе герой Караткевіча бачыў прарочыя сны, панадворак, алейка, дзе сустракала яго маці. Ліпа і вішні, шум у голлі якіх чуў Караткевіч, і перадаў чытачам у сваіх творах.

У Воршы па адрасе вул. Караткевіча 10 – дом, які даў пачуццё цяпла і трываласці пасля вайны, складзены ўласнымі рукамі бацькі пісьменніка ў 1946 годзе.

 Бацьку дапамагала ўся сям’я, каб хутчэй усяліцца ў свой уласны цёплы дом. 

Дом у творчасці – месца, якое давала натхненне (тут напісана аповесць “Дзікае паляванне Караля Стаха”). 

У жыцці – “месца  моцы”, куды пісьменнік вяртаўся з далёкіх дарог, у тым ліку і ў апошні год жыцця пасля нервовага зрыву.  

Дом, пабудаваны бацькам пісьменніка ў 1946 годзе, унікальны тым, што ён сапраўды мемарыяльны – не пабудаваны занава, не перанесены з месца на месца, адным словам, той самы дом – адзіны і непаўторны.

Такога дома больш няма.

Дом сям’і Караткевічаў апісаны ў рамане “Нельга забыць”.

Вось фрагмент рамана “Нельга забыць”, які апісвае вуліцу і адхон Дняпра і перезд на лыжах з правага берагу Дняпра на левы па вуліцы Караткевіча, і ўсё гэта падчас напружанага творчага працэсу на фоне трагічнага кахання.

Нагадаю: галоўны герой прыязджае ў Воршу, каб напісаць сцэнар, аповесць, і п’есу – усё за 38 дзён. Тут апісана рэльеф вуліцы, якая збягае да самага Дняпра з гары: 

“… уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглалга берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавыя петлі. Вялікі круг на поўнай хуткасці. Потым імпэтны як падзенне палёт дном яра, – мільгаюць хмызы над галавой. Можна спыніцца і ўмыцца пякуча-мяккай вадой з палонкі. Але толькі на хвіліну. Не больш”.

Пра панаворак і вішню верш Уладзіміра КараткевічаБацька” [1955 г. ?]

Бярозкі ствол усхвалявана-тонкі,

Пясчанікавых скал крутыя йлбы,

Над берагам зялёным явар звонкі

 І моцныя, спрадвечныя дубы.

Вось буслава гняздо над старай хатай

Вячэрнім, залатым агнём гарыць

І там, ля пуні, дзе вішняк калматы,

Сплятае сетку бацька мой стары.

Даткнуцца б рук яго, такіх знаёмых,

Карычневых ад сонца і зямлі,

Ад сонца, што цяплей за ўсё удома,

 Ад той зямлі, дзе ён і я раслі.

І самы вядомы твор пра вуліцу, дзе дакладна пералічаная колькасць дамоў, якая была на момант напісання, верш называецца  “Вуліца Касманаўтаў” (1962).  

У горадзе без тралейбусаў, над імклівай няўмоўчнай ракой,

 На вуліцы Касманаўтаў – хата маці маёй,

На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,

На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі…

Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін

Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.

А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатых

Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.

Хто там смяецца з’едліва?

Лепей няхай маўчыць!

Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы.

Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог,

Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог…

 Асенняй імжой безнадзейнай і вясной, калі гоняць кароў,

Адзіная з тысяч вуліц, ты – святло маё і любоў.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ