Аляксандр Ярашук: Нават у год выбараў не варта чакаць вялікага павышэння заробкаў



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Япашук распавядае, што ў бліжэйшы час чакае бюджэтнікаў, чые і так невялікія заробкі пасля дэвальвацыі сталі яшчэ меншымі.

 Па сярэдняму курсу Нацбанка за снежань сярэдні заробак па краіне склаў 621 даляр у эквіваленце. Але па афіцыйнаму курсу на канец студзеня – усяго каля 240 даляраў. У адукацыі, напрыклад, сярэдні заробак знізіўся ў эквіваленце да 320 даляраў, піша tut.by. Ці падымуць заробкі ў год выбараў?

Аляксандр Ярашук: Зыходжу з таго, што ўвесь гэты год, нягледзячы на тое, што ён мае важны палітычны сэнс, будзе вельмі няпростым у плане заробкаў. Сацыяльна-эканамічная сітуацыя складаная, і асабіста я не бачу вялікіх перспектыў на яе паляпшэнне. Усё зводзіцца, каб у чарговы раз узяць чарговы крэдыт у Расеі, і мы ўжо чулі, што быццам бы ёсць шанц атрымаць 2,5 мільярда даляраў. Але гэта не вырашае праблему ўвогуле. На нейкі час фінансавыя дзіркі можна закрыць, але што далей? Таму з аднаго боку відавочна, што няма крыніц для павышэння заробкаў людзям, у тым ліку, і бюджэтнікам. З другога – улады добра памятаюць сумны досвед 2010 году, калі перад выбарамі надрукавалі шмат грошай, каб падняць заробкі, пасля чаго адбылася масштабная дэвальвацыя. На гэты раз, думаю, такое не адбудзецца. Друкаваны станок можа і запусцяць, але аб’ёмы будуць не тыя, што раней. Толькі за студзень інфляцыя склала 2,4 адсоткі, таму рызыкоўна ісці на непапулярныя меры.

РР: Адным словам, нават у год выбараў беларусам прыйдзецца зацягнуць, як кажуць, паясы?

Аляксандр Ярашук: Мяркую, што так. Але гэты прэзідэнцкі год, напэўна, не будзе праблемным для ўлады, нават калі і эканамічная сітуацыя застанецца складанай. Мы бачым, што ўсе гэтыя праблемы ў канчатковым выпадку аказаліся адсунутымі на другі план у сувязі з апошнімі знешнепалітычнымі выклікамі. Улада гэта таксама цудоўна разумее. На фоне падзей ва Украіне сацыяльныя цяжкасці ўнутры краіны выглядаюць не такой і вялікай праблемай. Але, на мой погляд, сапраўдныя выпрабаванні для Беларусі трэба чакаць не ў гэтым годзе, а пазней. Пытанні тэрміновай змены эканамічнага курса яшчэ больш абвастраюцца, а ўлада не хоча гэтага рабіць. Сёння можна прагназаваць толькі адно: беларуская эканоміка будзе заставацца са сваімі праблемамі, а таму вялікага росту заробкаў чакаць не даводзіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя