Затрыманыя віцебскія каардынатары «Страны для жизни»



Затрыманне адбылося перад пачаткам пікета, калі Алег Баразна прывёз абсталяванне на пляцоўку перад гандлёвым цэнтрам «Марка-сіці». Сябры, якія прыбылі туды каля 11.30, убачылі толькі складныя часткі ад намёту для збору подпісаў.

Алег Баразна сам паведаміў пра сваё затрыманне праз тэлеграм-чат „Витебск для жизни”. Міліцыянты, якія праводзілі затрыманне, забралі таксама сцягі і плакаты, якія меркавалася выкарыстоўваць на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай.

Апрача Алега Баразны, быў затрыманы Аляксей Саламаненка – пра гэта паведаміла ягоная жонка. Сябры не могуць датэлефанавацца і да Аляксандра Іллінца, верагодна, ён затрыманы таксама.

Прычыны затрымання віцебскіх каардынатараў «Страны для жизни» невядомыя. Найхутчэй, іх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, бо на працягу трох гадзінаў яны так і не выйшлі на волю і сувязі з імі няма.

Пікет, нягледзячы на затрыманне каардынатараў, распачаўся а 12.00, выступіць перад людзьмі прыехаў Павел Севярынец.

Каб паставіць свой подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай, у Віцебску сабраліся больш за тысячу чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск