Імпрэзы ў гомельскім грамадска-палітычным цэнтры праводзіцца не будуць
У сувязі з эпідэміяй каронавірусу масавыя мерапрыемствы ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская,52 да канца года праводзіць не плануецца.
Пра гэта паведаміў гомельскі палітык Уладзімір Кацора, які з’яляецца кантактам першага ўзроўню:
– Я больш арыентаваўся на такія масавыя сустрэчы: правядзенне імпрэзаў, сустрэч, вечароў, вечарын. Гэта патрабуе больш-менш масавага збору людзей. Зразумела, што ў гэтых умовах, пакуль эпідэмія ў разгары, то, канешне ж, мы не можам праводзіць масавыя мерапрыемствы.
Грамадска-палітычны цэнтр па вуліцы Палеская, 52 вядомы правядзеннем розных грамадска-палітычных і культурніцкіх мерапрыемстваў. Сярод іх – канцэрты гурту НРМ, барда Вайцюшкевіча, сустрэча з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч. А таксама там праходзілі Дні волі, збор подпісаў з патрабаваннем адмяніць Дэкрэт аб дармаедах, а падчас выбараў знаходзіліся штабы кандыдатаў.
Беларускае Радыё Рацыя