Ці стане… Ці станем… Усё пад пытаннем!



Ці стане халодная беларуская вясна гарачым беларускім летам – яшчэ пытанне! Апошні травеньскі дзень спрыяў сустрэчам і тусоўкам на свежым паветры… Спрыяў бы яшчэ больш, каб не славуты каронавірус ды неабходнасць трымаць дыстанцыю.

Зрэшты, ёсць меркаванне, што некаторыя людзі і рэчы страшнейшыя за любую хваробу (таму збіраемся і выстойваем чэргі ў спадзеве на перамены). Пазітыўнае мысленне, аптымізм, працагалізм – наша ўсё! Гэта мацней за хваробы. Гэта працуе… Але, калі разабрацца ў пытанні сур’ёзна, то ў Беларусі тыя самыя хваробы вымушана суіснуюць з тымі самымі людзьмі і рэчамі, якія ў многіх іншых краінах падаюцца людзям неверагоднай недапушчальнай недарэчнасцю… І гэтае вымушанае суседства спараджае пачварную выбуховую сумесь.

Можна спісаць усё на асаблівасці ландшафту. Але. Любая аднастайнасць стамляе. Хочацца змяніць ланшафты і з’ехаць далёка-далёка… Параўнаем з перастаноўкай мэблі дома. Стаіць у пакоі стары масіўны пісьмовы стол… Стаіць устойліва. Надзейна. Шмат рэчаў змяшчаецца ў дыхтоўных шуфлядах. І святло з акна падае пад правільным вуглом. Выкідаць такую добрую рэч, безумоўна, шкада! І ты спрабуеш перацягнуць стол да сцяны… Святло будзе падаць ужо не так правільна… Правады, прылады, гаджэты пасунуць прыдзецца, пыл выцерці – факт! Затое якое пачуццё палёгкі ўзнікае адразу ж! Асабліва калі шпалеры ў пакоі пераклеіць і фіранкі іншага колеру павесіць… Карціны. Не забудзьцеся пра карціны з марскімі пейзажамі – для прафілактыкі ёдадэфіцыту ў галаве!

Варта перамяшчаць прадметы ў прасторы. Адназначна карысны працэс. Рухаць мэблю – жыццёвая неабходнасць! Рух і жыццё сузалежныя, і гэта цалкам нармалёвая, здаровая залежнасць. Што рабіць, калі стары стол зусім не дыхноўна і не шляхетна падгніў, а шуфляда пры перасоўванні балюча ляснула па назе? А калі ён увогуле іржавымі цвікамі да падлогі прыбіты?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ