Анатоль Лябедзька: Людзі прагнуць пераменаў
„Велізарная колькасць грамадзянаў прыйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў і ў Менску, і ў іншых гарадах Беларусі. І гэта радуе”, — кажа дырэктар цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька.
„Такой колькасці людзей, як прыйшлі ў нядзелю да Камароўскага рынку ў Менску, а таксама ў іншых гарадах, я за сваё палітычнае жыццё не бачыў”, – прыгадвае палітык:
– Людзі прагнуць пераменаў, ім ужо нават не вельмі нават прозвішча, хаця канешне большая канцэнтрацыя там каля Ціханоўскага, але людзі гавораць: „Нам патрэбны перамены, мы хочам выбіраць”. Гэтага ніколі не было, раней людзей можна было прыцягнуць толькі размовамі пра „шкварку і чарку”, а зараз людзі разумеюць, што трэба змяняльнасць улады, свабодныя, сумленныя выбары. Я думаю наспеў час для нейкіх рэальных пераменаў. Як выйдзе ўлада з гэтай сітуацыі, з гэтага тупіка, сказаць складана таму, што людзі рашучыя, гадзінамі стаяць, каб проста паставіць подпіс. Гэта супер, я проста рады за людзей.
Па словах Анатоля Лябедзькі, яго найбольш уражваюць нават не кандыдаты, а выбаршчыкі. А ўлада дэманструе выключна старыя падыходы. Яна робіць тое, што рабіла апошнія 26 гадоў, затрымаць, схапіць, засунуць кляп у рот.
„Але я не перакананы, што гэта эфектыўна. Такія паводзіны ўлады людзей яшчэ больш раздражняюць” – кажа Анатоль Лябедзька.
Беларускае Радыё Рацыя