У Паліны і Андрэя Шарэндаў канфіскавалі практычна ўсю маёмасць (абноўлена)



Канфіскацыя маёмасці ў Паліны і Андрэя Шарэндаў адбылася менавіта за адкрытую дэманстрацыю падтрымкі Святланы Ціханоўскай. У гэтым перакананы берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Ён адзначыў, што актывісты мелі непакрытыя штрафы яшчэ з парламенцкай кампаніі, але судовыя выканаўцы вырашылі прыгадаць запазычанасці менавіта цяпер, калі на вуліцы выйшлі тысячы людзей:

– Наколькі я памятаю, гэты штраф яшчэ з лістапада за ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Гэта штраф у памеры 1402 рублёў 50 капеек. Першапачаткова была пастанова на 3-га чэрвеня, але чамусьці яны прыйшлі 1-га, і прынеслі паперу. Але маё глыбокае перакананне, што гэты візіт і перанос даты звязаны са зборам подпісаў у нядзелю за Святлану Ціханоўскую.

З дому Шарэндаў былі канфіскаваныя літаральна ўсе рэчы — ад пральнай машыны да гадзінніка. Усё ацанілі прыкладна ў 450 рублёў.

* * * 

Да каардынатараў грамадскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” па Берасцейскім рэгіёне Андрэя і Паліны Шарэндаў прыйшлі судовыя выканаўцы, якія апісалі іх маёмасць.

У актывістаў былі канфіскаваныя тэлевізар, кампутар і пральная машына. Выканаўцы адразу ж вывезлі апісаную тэхніку. Усё было ацэнена не больш чым у 10-20 рублёў. 

У рэпрэсіўных дзеяннях прынялі ўдзел выканаўца аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Берасця — спадар Карэнковіч і старшыня аддзела прымусовага выканання пакаранняў Маскоўскага раёна Берасця — спадар Штык. Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Самі актывісты такі ціск звязваюць са сваім удзелам у прэзідэнцкай кампаніі і шматтысячнымі чэргамі людзей, што ўчора, 31 траўня, хацелі пакінуць подпісы за незалежных кандытаў. У прыватнасці, дзеячы дапамагалі ініцыятыўнай групе жонкі блогера Сяргея Ціханоўскага Святлане.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота europeanbelarus.org