Жыровіцкі манастыр зноў адкрыты для паломнікаў
Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр і дамы паломнікаў пры ім з 1 чэрвеня зноў адкрытыя для наведвальнікаў, паведамляе афіцыйны партал Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.
Манастыр быў зачынены для наведвання 21 красавіка „ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце”. За дзень да гэтага стала вядома пра тое, што архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя, намесніка Жыровіцкага манастыра, шпіталізавалі з пнеўманіяй. Прычыну, якая выклікала яе, не называлі, аднак у маі, праз некалькі тыдняў пасля выпіскі, Гурый пацвердзіў у інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі „Гродна”, што перахварэў COVID-19.
На партале БПЦ таксама паведамляецца, што 24 мая завяршыўся каранцін у Свята-Благавешчанскім Лядзенскім манастыры (Смалявіцкі раён Менскай вобласці), які быў уведзены ў канцы красавіка па прычыне некалькіх выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. На Вялікдзень 19 красавіка гэты манастыр наведваў Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем.
30 мая аднавіліся набажэнствы ў храме ў гонар Свяціцеля Кірылы Тураўскага, які размешчаны ў Менскай духоўнай акадэміі. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі царква была зачыненая з 23 красавіка.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 1 чэрвеня колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі склала 43.403, памерла 240 чалавек.