Пра Міністэрства аховы здароўя, якому ніхто не верыць
Ва ўсім свеце адкрываюць межы, кавярні, спартовыя залі. У нас гэта ўсё і не закрывалася. Толькі ва ўсім свеце і знізілася колькасць хворых на ковід, бо быў каранцін. І былі закрытыя межы, кавярні і спартовыя залі. А мы – наперадзе планеты ўсёй. Як вынік – Беларусь увайшла ў пяцёрку краін з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў заражэння на COVID-19. А гэта азначае што? Што гэта ў нас межы адкрытыя, аднак паехаць мы нікуды не можам, бо ніхто нам межы не адкрывае. А самае прыкрае, ніхто дакладна не ведаю статыстыку па вірусе ў Беларусі. Не ведае, бо Міністэрства аховы здароўя старанна яе ўтойвае: не адказвае на пытанні журналістаў, можа ўвогуле не даваць статыстыкі некалькі дзён. І самае галоўнае, пасля такога, ніхто ўжо Міністэрству аховы здароўя не верыць.
Міністэрства аховы здароўя зрабіла ўсё, каб да яго ставіліся, як да дзяржаўнага тэлебачання: не верылі і сварыліся. І тут з’ўляецца інфармацыя, што Сусветны банк дае Беларусі 90 мільёнаў еўра на інфармаванне людзей пра каронавірус. То бок сродкі пойдуць, канешне, яшчэ і на рэанімацыйныя аддзяленні і закупку сродка абароны. Аднак і на інфармаванне таксама. Гэта ўсё роўна што лысаму рэкламаваць шампуні для пышных валасоў. То бок Міністэрства аховы здароўя апошні раз брыфінг правяло яшчэ 24 красавіка. І тут яны спрабраліся скіраваць грошы Сусветнага банку на інфармаванне насельніцтва пра вірус. Хаця, можа быць, яны будуць інфармаваць, што ніякага ковід няма. І мы ўсе навокал проста памыліліся.