Зянон Пазьняк выказаўся пра эпідэмію, грамадскія пратэсты і Ціханоўскага



Зянон Пазьняк звярнуўся з лістом да сябраў КХП-БНФ і ўсіх беларусаў.

У ім Пазьняк, між іншым, піша: „Галоўнае пытанне – эпідэмія, небяспека інфекцыі і памірання людзей. Адбываецца вірусны генацыд беларусаў, арганізаваны і справакаваны Лукашэнкам. Неабходна ініцыяваць стварэнне па-за межамі Партыі інфармацыйна-даследчыцкай групы, якая б здабывала і сістэматызавала рэальную медыцынскую і пахавальную інфармацыю пра інфікаваных і памерлых людзей ад каронавіруса COVID-19.”

Што тычыцца выбараў у Беларусі: „Вызначальную ролю мае характар народнага пратэсту. Ён супадае з палітыкай байкоту фальшывых вабараў нашай Народнай партыі. У гэтай сітуацыі далучацца да пратэсту трэба пры любой пазіцыі кіраўніцтва пратэстам (бо галоўнае — наш народ, які трэба аберагаць). На шчасце становішча стыхійнае і вынікае з абставін. Сяргей Ціханоўскі беларус, які ня гледзячы на праблемы з арыентацыяй у нацыянальных каштоўнасцях, мае перспектывы ў развіцці асобы і ў асягненні беларускіх грамадскіх задач. Арышт Ціханоўскага і яго калег па зборы подпісаў незаконны. Мусіць быць патрабаванне аб іхным вызваленні”.

Таксама, сярод іншых пунктаў, Зянон Пазьняк заклікае стварыць умовы для непрызнання фальшывых выбараў 9-га жніўня. Паставіць патрабаванне аб новых выбарах без Лукашэнкі.

„Пачынаецца адказны перыяд і напружаныя дні ў жыцці краіны”, – падсумоўвае палітык.

Беларускае Радыё Рацыя