Covid-19: агляд сусветнай прэсы



Карупцыя ўлады Гандураса перашкаджае змаганню з каронавірусам ужо на першым этапе. Бразілія і Перу — яўныя лідары па захворваннях у сваім рэгіёне.

Якія тэмы апісвае сёння сусветная прэса, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Толькі за адзін месяц колькасць заражаных каронавірусам у Бразіліі вырасла ў пяць разоў! Такую лічбу назвалі ў Міністэрстве аховы здароўя гэтай паўднёваамерыканскай краіны. На сёння ў Бразіліі 526 447 выпадкаў, і толькі за апошнія суткі выяўлена 12 247 новых заражэнняў. Толькі за 31 траўня ў краіне памерлі 623 чалавекі з каронавірусам. Агульная лічба памерлых ад гэтай хваробы ўсутыч падыйшла да 30 тысяч чалавек — больш памерла толькі ў Злучаных Штатах, Вялікабрытаніі і Італіі. Другое месца пасля Бразіліі ў настолькі сумным рэйтынгу займае Перу. Тут колькасць хворых перавысіла ўжо 170 тысяч, лічба ахвяраў 4634 чалавекі, па гэтым паказчыку Перу зраўнялася з Кітаем.

У Японіі за суткі зарэгістравана 37 новых выпадкаў заражэння. У сталіцы – Токіо – 13 чалавек. Губернатар Токіо Юрыка Койке сказала, што больш за палову новых выпадкаў — моладзь у веку 20 гадоў, а іх заражэнні звязаныя з індустрыяй начных забаваў. Іншымі словамі, маладзёны заразіліся пераважна на начных вечарынах, пры гэтым начныя клубы, караоке-бары зачыненыя. На мінулым тыдні ў Токіо пайшлі на змякчэнне рэжыму каранціну — адчыніліся гандлёвыя цэнтры і спартовыя аб’екты. 16 новых выпадкаў заражэнняў ёсць у горадзе Кітакюшу.

У папярэднім аглядзе прэсы мы згадвалі Нікарагуа, дзе ўлады, таксама як і Лукашэнка ў Беларусі, фактычна адмовіліся прызнаваць сур’ёзнасць каронавірусу і яго пагрозу здароўю нацыі. Цяпер пяройдзем у суседні Гандурас. Тут, як піша Аль-Джазіра, каранцінныя захады былі прынятыя, аднак надзвычайна высокі ровень карупцыі можа звесці на нішто ўсе намаганні. Аналітыкі, на якіх спасылаецца выданне, прадракаюць вялікія праблемы Гандурасу, асабліва калі здарыцца другая ўспышка каронавірусу.  Сістэма аховы здароўя ўжо адчувае незабяспечанасць і безабароннасць перад вірусам. Пры гэтым колькасць хворых па краіне, згодна з афіцыйнай статыстыкай, толькі 67 чалавек, 1 смерць. Дырэктар пазаўрадавай арганізацыі пад назвай „Больш чым грамадства”, што мае штаб-кватэру ў сталіцы Тэгусігальпе, Карлас Эрнандэс заявіў, што сістэма медыцыны ў Гандурасе цяпер кволая і яна не ўваходзіць у спіс прыярытэтаў ураду. Як, зрэшты, гэта было і для папярэдніх урадаў краіны. У Цэнтральнай Амерыцы, згодна са статыстыкай Універсітэта Джона Хопкінса, у сярэднім выдаткоўваецца 14 адсоткаў бюджэту на ахову здароўя, у Гандурасе гэтая лічба ледзь не ўдвая меншая — толькі 8,5%. Растрата дзяржаўных сродкаў і схемы па закупцы медыкаментаў і абсталявання па завышаных коштах толькі пагаршае праблему. У выніку Гандурас мае адну з найгоршых на дадзены момант сістэму аховы здароўя не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце. Карлас Эрнандэс згадвае гісторыю і кажа, што надзвычайныя сітуацыі, чарговая з якіх вынікла з каронавірусам, толькі спрыяюць карупцыі. У 2015 годзе ў Гандурасе быў велізарны скандал, звязаны з раскраданнем мільёнаў еўра, выдаткаваных на медыцыну. Тады на вуліцы выйшлі людзі. Больш чым 45 з іх былі выстаўленыя абвінавачванні, 10 былі асуджаныя. Прычым тады высветлілася, што частка раскрадзеных грошай на медыцыну асела ў бюджэце перадвыбарчай кампаніі дзейнага прэзідэнта Гандураса Хуана Арланда Эрнандэса, чыё імя заплямлена таксама буйным скандалам з наркотыкамі. У краіне былі фіктыўныя закупкі лекаў, а насамрэч грошы ішлі ўрадавай мафіі. Таксама суразмоўцы Аль-Джазіры баяцца, што каронакрызіс можа дапамагчы ўладам прыватызаваць увесь медычны сектар і далей рабіць на ім грошы, не ўкладаючы ў саму медыцыну істотных сумаў. Яшчэ 13 сакавіка прэзідэнт Гандураса аб’явіў пра надзвычайны план і выдзяленне 420 мільёнаў даляраў на пабудову шпіталяў. Грамадства сочыць, ці пойдуць гэтыя грошы сапраўды на абвешчаную мэту. Праверку ўскладняе тое, што ўлады вырашылі не падаўжаць ліцэнзію міжнароднай антыкарупцыйнай арганізацыі, якая сачыла за падзеямі ў Гандурасе і мела свой штаб у Тэгусігальпе. Цяжэй сачыць за ўладамі ў такім выпадку і іншым арганізацыям, паколькі ў Гандурасе працягваецца каранцін.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Brisbane Times