„Белнафтахім”: Забарона Расеі на імпарт паліва не адаб’ецца на беларускай нафтаперапрацоўцы
Уведзеная ў Расеі забарона на імпарт паліва не адаб’ецца на беларускай нафтаперапрацоўцы, заявіў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка, каментуючы рашэнне расійскага ўрада, якое ўвайшло ў сілу 2 чэрвеня, аб часовай забароне завозу паліва.
„У мэтах неабходнасці арганізацыі энергетычнай бяспекі Расейскай Федэрацыі і стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным рынку паліва урад РФ пастанаўляе: устанавіць з дня ўваходжання ў сілу гэтай пастановы да 1 кастрычніка 2020 года часовую забарону на ўвоз у Расейскую Федэрацыю відаў паліва па пераліку згодна з дадаткам”, — гаворыцца ў пастанове ўрада Расеі. Гаворка ідзе аб імпарце бензіну, дызельнага паліва, газы, суднавога паліва і газойлю.
Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, у красавіку продаж бензіну з Беларусі ў Расею на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы склаў 49 тыс. тон, у маі — больш за 30 тыс. тон. Тады як за ўвесь 2019 год экспарт склаў усяго 200 тон. ТАА „Еўрапейская трэйдынгавая кампанія”, якое з’яўляецца адзіным прадстаўніком па рэалізацыі нафтапрадуктаў вытворчасці ААТ „Нафтан” і ААТ „Мазырскі НПЗ” у Расеі, павялічыла ў красавіку суму кантрактаў у 48 разоў — да 3,4 млрд рублёў.
Прэс-сакратар „Белнафтахіма” паведаміў БелаПАН, што ўдзельная вага беларускага паліва ў расейскім імпарце была заўсёды невялікая. „Тое, што ў апошнія месяцы біржа хапанула з улікам патрэб расейскага рынку, гэта яшчэ не паказчык нашых асноўных напрамкаў экспарту. Калі там увайшла забарона, у нас ёсць іншыя напрамкі, куды можна рэалізаваць наша паліва”, — адзначыў Цішчанка.
Паводле апошніх звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь у першым квартале экспартавала 1 млн 129,8 тыс. тон нафтапрадуктаў, што на 62,4% менш, чым за першы квартал 2019 года, у тым ліку ў краіны СНД — 483,2 тыс. тон (мінус 31%), краіны па-за СНД — 646,6 тыс. тон (мінус 72%).