Пра руку Масквы ў беларускіх выбарах



У сацыяльных сетках распаўсюджваецца заява беларускага аналітыка Юрыя Царыка пра пагрозы незалежнасці Беларусі, выкліканыя палітызацыяй грамадства ва ўмовах так званых выбараў. Эксперт сыходзіць ад тэзіса, што стратэгія Крамля скіраваная на “ліквідацыю палітычнай аўтаноміі Беларусі”. Адпаведна, адзіным магчымым бенефіцыярам змены лукашэнкаўскага рэжыму з’яўляецца Масква. Аўтар не падзяляе “перабудовачны энтузіязм” беларусаў, якія любой цаной гатовыя пазбавіцца ад чалавека, які засядзеўся на пасадзе чвэрць стагоддзя. І, далей па тэксце, Юрый Царык абмалёўвае змрочную будучыню Беларусі, якую ў выпадку падзення аўтакрата чакае статус failed state, акупаванага Расейскай Федэрацыяй з усім наборам спадарожных з’яваў (дыслакацыя на нашай тэрыторыі чужой арміі, гвалт і рэпрэсіі).

Апошнія падзеі выбарчай кампаніі, калі на галоўных плошчах гарадоў ад тысячаў беларусаў гучыць фраза “хоць бы хто, абы не ён”, актуалізавалі знаёмую дылему: свая дыктатура альбо акупацыя. Прынамсі, гэты варыянт развіцця падзей прадстаўляецца аналітыкамі як адзіны магчымы. Прыхільнікі канспіралагічных тэорый гавораць пра тое, што тры фаварыты выбарчай гонкі з’яўляюцца калі не прамымі выканаўцамі ролі Крамля, то дакладна агентамі ўплыву. Што цікава, гэтую тэорыю падхапілі ўлады Беларусі, якія пасля 20 гадоў стварэння Саюзнай дзяржавы з РФ раптам пачалі заяўляць пра расейскі след у дзейнасці альтэрнатыўных прэтэндэндаў на прэзідэнцтва. Хоць прамым тэкстам пра інспірацыю пратэстовага руху Крамлём улады не гавораць, але з іх намёкаў увесь час вынікае, што гэта менавіта так. Шэраг тэлеграм-каналаў падаграюць падобныя настроі, акцэнтуючы ўвагу на тым, што Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала і Сяргей Ціханоўскі маюць падтрымку з Усходу. У якасці доказаў у асноўным выкарыстоўваюцца факты з біяграфіі прэтэндэнтаў, іх выказванні альбо прыязныя публікацыі ў вядучых расейскіх СМІ. Зляпіць з гэтых трох асобаў вобраз прарасейскіх палітыкаў насамрэч не надта складана. Той жа Віктар Бабарыка з’яўляўся да нядаўняга часу старшынём праўлення “Белгазпрамбанку” — беларускага аддзялення расейскага банку, звязанага з расейскай дзяржкарпарацыяй “Газпрам”. Валерый Цапкала ў сваіх інтэрв’ю не раз выказваў русафільскія тэзісы і гаварыў пра неабходнасць падпісання палітычнай часткі Дамовы “Аб Саюзнай дзяржаве”. Што да Сяргея Ціханоўскага, то ўсе абвінавачанні на ягоны конт зводзяцца да таго, што ён пэўны час меў бізнес у РФ, ездзіў на машыне з расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі і мае супольныя фотаздымкі з некаторымі прадстаўнікамі істэблішменту РФ кшталту Ксеніі Сабчак. Аднак іронія лёсу ў тым, што абвінавачанні ў прарасейскасці гучаць з вуснаў чалавека, які зрабіў усё для таго, каб зрабіць залежнасць Беларусі ад Расеі фактарам амаль непераадольным.

Сёлетнія пратэсты, хоць і выкліканыя электаральным календаром, шмат у чым нагадваюць акцыі недармаедаў у першай палове 2017 года. Тады тыя шматлюдныя мітынгі былі выкліканыя абсурдным Дэкрэтам №3, які ўсталёўваў падатак для беспрацоўных грамадзянаў. Але паступова цалкам сабе сацыяльныя пратэсты пачалі заканамерна перарастаць у палітычныя. І вось тады ўлады ўпершыню пайшлі на саступкі, замарозіўшы адыёзны Дэкрэт. Адметна, што прыблізна тыя ж аналітыкі, якія сёння палохаюць беларускае грамадства расейскай пагрозай, гаварылі пра тое, што маршы недармаедаў — гэта таксама гульня Масквы. Але многія актывісты апазіцыі, якія прынялі актыўны ўдзел у тых маршах, для сябе тады зрабілі выбар, што расейская пагроза — рэч гіпатэтычная, чаго не скажаш пра замах дзяржавы на канкрэтныя правы і свабоды. Можна баяцца бясконца расейскай рукі, але нельга не заўважаць на шыі народу слядоў ад пальцаў рукі ўсім вядомай асобы.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ