ЕЗ: Ціханоўскі і іншыя актывісты павінны быць неадкладна вызваленыя



«Развіццё падзей у Беларусі на працягу апошніх некалькіх дзён выклікае сур’ёзныя пытанні адносна выканання ўладамі правоў чалавека і асноўных свабод», – заявіў БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.

Ён падкрэсліў, што затрыманыя блогер Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч ды іншыя грамадзянскія актывісты і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту «павінны быць неадкладна вызваленыя, а іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед спынены».

«З набліжэннем Беларусі да прэзідэнцкіх выбараў важна, каб улады забяспечвалі свабоду сходаў і выказвання меркаванняў. Мы таксама заклікаем Беларусь своечасова запрасіць БДІПЧ АБСЕ для назірання за выбарамі ў адпаведнасці са звычайнай практыкай, – сказаў Стана. – Еўрапейскі саюз прыхільны да стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для Беларусі на карысць яе народа. Мы працягнем нашу працу з усімі зацікаўленымі бакамі, цвёрда прытрымліваючыся гэтай мэты».

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці будзе ад сітуацыі з правамі чалавека залежаць выдзяленне дапамогі ЕЗ для Беларусі, у тым ліку на барацьбу з наступствамі COVID-19, Стана зазначыў, што фінансавая дапамога Беларусі ў сувязі з пандэміяй зʼяўляецца часткай пакета надзвычайнай падтрымкі для краін Усходняга партнёрства. «Ён накіраваны на неадкладныя меры ў галіне аховы здароўя па пераадоленні крызісу і задавальненне звязаных з ім гуманітарных патрэбаў, а таксама на больш доўгатэрміновае і структурнае ўздзеянне на грамадства і эканоміку нашых краін-партнёраў, – заявіў прадстаўнік ЕЗ. – У сувязі з гэтай падтрымкай ЕЗ пастаянна падкрэсліваў, у тым ліку ў тэлефоннай размове 21 красавіка паміж высокім прадстаўніком Барэлем і міністрам замежных спраў Макеем, важнасць таго, каб беларускія ўлады выконвалі рэкамендацыі СААЗ».

Каб прэтэндаваць на атрыманне макрафінансавай дапамогі ад ЕЗ, Беларусь «павінна мець праграму з Міжнародным валютным фондам і адпавядаць пэўным палітычным папярэднім умовам», сказаў Стана.

Вядучы папулярнага youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян былі затрыманыя 29 мая ў Гародні падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі відэаблогера. Паводле інфармацыі журналістаў, якія вялі анлайн-трансляцыю з месца падзей, збор подпісаў праходзіў мірна, у адпаведнасці з законам.

30 мая МУС паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта браў Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Вядома, што Ціханоўскі і яго прыхільнікі знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.

31 мая чатыры праваабарончыя арганізацыі Беларусі – закрыты ўладамі цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, «Прававая ініцыятыва» і Офіс па правах людзей з інваліднасцю – прызналі Ціханоўскага палітвязнем і запатрабавалі ад уладаў яго неадкладнага вызвалення, а таксама спынення крымінальнага пераследу.

«Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню, – заявы дзейнага кіраўніка дзяржавы А.Лукашэнкі падчас наведвання МТЗ у адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшанне і затрыманне С.Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ – дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да С.Ціханоўскага магла быць ажыццёўленая правакацыя», – заявілі праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, у рамках справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) 29 мая ў Гародні акрамя Сяргея Ціханоўскага затрыманыя пяць чалавек – Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Кучараў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Сяргей Калмыкоў, – а таксама, верагодна, Аляксандр Арановіч.

1 чэрвеня суд Ленінскага раёна Менска арыштаваў на 15 сутак апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Яго прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд вырашыў, што 24 мая каля сталічнага Камароўскага рынку Статкевіч «узяў удзел у мітынгу без адпаведнага дазволу Менгарвыканкама, парушыўшы закон аб масавых мерапрыемствах», а таксама «публічна выказваў сваю незадаволенасць і негатыўнае стаўленне да дзейнай улады, падзей грамадска-палітычнага жыцця».

Адміністрацыйныя арышты і штрафы атрымалі і іншыя грамадскія і палітычныя актывісты.

БелаПАН