Лукашэнка – Сіваку: Я чакаю навядзення поўнага парадку ў Менску



 Рэалізацыя ў Менску шэрагу горадабудаўнічых праектаў і сітуацыя ў горадзе ў цэлым абмеркавана 2 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй сталічнага выканкама Анатолем Сіваком.

„Я чакаю ад цябе і ад праваахоўнікаў поўнага парадку ў горадзе-героі Менску. Ні ў якім разе нельга перашкаджаць людзям жыць”, — цытуе Лукашэнку блізкі да яго тэлеграм-канал „Пул першага”.

„Я так вось гляджу на іх, чысценькія, прыбраныя. Зручны, утульны, прыгожы гарадок. Можна і з дзеткамі дзесьці прагуляцца, і на веладарожцы пракаціцца, і на лыжаролерную трасу схадзіць, і спортам займайся — не хачу. Але вось жа карціць камусьці”, — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе вулічную актыўнасць прыхільнікаў апазіцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

30 траўня Сівак заклікаў жыхароў горада выконваць заканадаўства падчас правядзення пікетаў у рамках прэзідэнцкай кампаніі. Яго зварот быў паказаны па тэлеканале ОНТ.

„Ёсць закон аб масавых мерапрыемствах і ёсць выбарчае заканадаўства, — сказаў Сівак. — У нас ідзе этап збору подпісаў, у нас у горадзе праходзяць пікеты, досыць шмат пікетаў. У нас дастаткова вялікая свабода месцаў правядзення пікетаў. Але часам гэтыя мерапрыемствы маюць вялікую верагоднасць ператварыцца ў масавыя, і ёсць людзі, якія настроены на тое, каб ствараць нейкае абвастрэнне. І тут ужо працуе іншае заканадаўства — заканадаўства аб масавых мерапрыемствах”.

Сівак нагадаў, што ў Менску вызначана шэсць месцаў, „дзе можна праводзіць любое масавае мерапрыемства па паведамляльным прынцыпе”. „Проста накіроўваеш заяву і, не чакаючы ніякага адказу, калі ласка — збірайцеся, за 10 дзён падалі дакументы — дыскутуйце, гаварыце, мітынгуйце, што хочаце… Мы прымем любыя рашэнні для таго, каб выконваць заканадаўства, на тое мы і ўлада”, — заявіў кіраўнік Мінгарвыканкама.

„Прашу ўсіх грамадзян, бацькоў таксама прашу, каб падумалі пра сябе, падумалі пра сваіх дзяцей, Для таго, каб улічваць асаблівасці сённяшняга моманту і разумець, якія працэсы адбываюцца”, — заклікаў Сівак.

„На любым масавым мерапрыемстве тыя, хто арганізуе — ці то ўлада, ці то нейкая група людзей, — па законе абавязаныя забяспечыць бяспеку. Таму парушальнікі, якія на гэта ідуць, яны павінны аб гэтым ведаць, што ў дадзеным выпадку парушаецца закон”, — заявіў старшыня Мінгарвыканкама.

belapan.by