ЦВК афіцыйна пацвердзіў дыскрымінацыю беларускай мовы



Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала гарадзенскім праваабаронцам на іх зварот наконт дыскрымінацыі беларускай мовы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы ў сваім лісце звярталі ўвагу, што сайт ЦВК інфармуе грамадзян Беларусі пра бягучыя выбары толькі на расейскай мове, а на беларускамоўнай версіі сайта няма рубрыкі «Выбары-2020» з навінамі па-беларуску, і ўказвалі на недапушчальнасць дыскрымінацыі беларускай мовы і беларускамоўных выбарнікаў па моўнай прыкмеце.

Лідзія Ярмошына ў афіцыйным адказе праваабаронцам сцвярджае, што рубрыка «Выборы-2020» вядзецца на расейскай мове, «паколькі на гэтай мове вядзецца справаводства Цэнтральнай камісіі». Яна лічыць, што законна не мае абавязку весці рубрыку і на беларускай мове, якая з’яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моваў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org