„Басовішча” – фільм пра 30 год гісторыі фестывалю
„Басовішча” – дакументальная стужка пра 30 год гісторыі знакамітага фестывалю. Рэжысёр стужкі – Юрый Каліна; Белсат TV, 2019, 51 хв.
30 гадоў у сярэдзіне ліпеня ў падляшскім мястэчку Гарадок, што ў Кнышыньскай пушчы, праходзіў Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». На двухдзённай імпрэзе выступалі найлепшыя рок-гурты Падляшша і Беларусі, а таксама зоркі польскай рок-сцэны. Нязменным арганізатарам імпрэзы было Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы (назва фестывалю ўзнікла ад абрэвіятуры арганізацыі – БАС) пры падтрымцы гміны Гарадок. У 2019 годзе фестываль прайшоў 30-ы, апошні раз. Дакументальны фільм «Басовішча» паказвае эвалюцыю фэсту на фоне грамадска-палітычных зменаў у Беларусі і Польшчы, найбольш цікавых выканаўцаў і іх развагі пра фестываль, змену пакаленняў арганізатараў (цяперашнія арганізатары – дзеці тых, хто некалі фестываль запачаткаваў), і ўрэшце раскажа пра прычыны канца эпохі «Басовічша».
У першыя гады існавання «Басовішча» рэпрэзентавала перадусім гурты беларускай меншасці на Беласточчыне («R. F. Braha», «Kardon», «The Dvery», «Wiadro», «5set5», «Beton», «Zero-85»).
Паступова фестываль прыцягваў рок-гурты з Беларусі. Тут выступалі ўсе беларускія зоркі: «Ulis», «Новае неба», «Мроя», «Крама», «N.R.M.», «ZET», «Pomidor/off», «Neuro Dubel», «Lyapis Trubetskoy», «Троіца», «Kriwi», «Палац».
Чарговы этап – адкрыццё фэсту для польскай музычнай сцэны, бо адной з мэтаў імпрэзы было будаванне дыялогу і партнёрства маладога пакалення беларусаў і палякаў. З 1993 года публіка магла пачуць такіх зорак, як: «KULT», «Armia», «Proletaryat», «Pidżama Porno», «Acid Drinkers», «Illusion», «Lao Che», «C.K.O.D.», «KSU».
Апошнія некалькі гадоў адбываўся пошук новай, арыгінальнай формулы «Басовішча», якая магла б прыцягнуць новыя пакаленні гледачоў (прэзентацыя альтэрнатыўнага мастацтва, выставы, кінапаказы, аўтарскія сустрэчы). Абмежаваны бюджэт, канкурэнцыя музычных падзеяў у Польшчы і Беларусі, штораз меншая колькасць ахвотных арганізоўваць фестываль – усё гэта прывяло да таго, што Беларускае аб’яднанне студэнтаў канчаткова адмовіліся ад арганізацыі «Басовішча».
Плакат да фільму «Басовішча». Аўтар Міраслаў Здрайкоўскі
Паводле прэс-рэлізу